Мінск 21:03

Літва пазбаўленая права правесці этап Кубка свету па пяцібор’і праз нядопуск да спаборніцтваў беларусаў

Фота: pentathlon.lt

19 кастрычніка, Позірк. Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я (UIPM) пазбавіў Літву права правесці ў наступным годзе ў Каўнасе этап Кубка свету па сучасным пяцібор’і праз нядопуск да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі. Пра гэта паведаміла Федэрацыя сучаснага пяцібор’я Літвы.

Паводле слоў прэзідэнта літоўскай федэрацыі Юстынаса Кіндэрыса (на фота), рашэнне UIPM не стала для яго нечаканасцю.

“Мы ўвесь час атрымлівалі ад кіраўнікоў UIPM пытанні, што будзем рабіць з расіянамі і беларусамі. Мы заўсёды дастаткова адкрыта размаўлялі з міжнароднай федэрацыяй, аднак гэтым разам давялося прасіць, каб пра рашэнне выканаўчага камітэта нас праінфармавалі лістом. Сумна, таму што хацелася б, каб нашу шматгадовую працу па арганізацыі чэмпіянатаў і заваяванні медалёў больш паважалі і разумелі”, — сказаў функцыянер.

У паведамленні літоўскай федэрацыі гаворыцца, што згаданы ліст UIPM падпісаны прэзідэнтам арганізацыі Робам Стуліа. У ім заяўляецца, што UIPM “павінна забяспечыць выкананне рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта, зацверджаных сёлета, якія дазволяць спартсменам з Расіі і Беларусі спаборнічаць са сваімі нацыянальнымі сцягамі і іншай атрыбутыкай, а таксама дадуць ім справядлівыя і роўныя магчымасці для атрымання пуцёвак на Алімпійскія гульні 2028 года”.

Раней Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы асудзіла рашэнні міжнародных спартыўных арганізацый змякчыць абмежаванні ў дачыненні да прадстаўнікоў Расіі і Беларусі. Ведамства пацвердзіла, што рэкамендацыі нацыянальным спартыўным федэрацыям не запрашаць і не дапускаць спартсменаў дзвюх краін да спаборніцтваў, якія праводзяцца ў Літве, застаюцца нязменнымі.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай Мінскам расійскай вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

МАК, як заяўлялася, “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Падзяліцца: