Мінск 11:30

Беларусь забараніла ўвозіць з Латвіі кнігі, мэблю, электроніку, рыбалоўныя прылады

Ілюстрацыйнае фота: magnific.com

20 кастрычніка, Позірк. Забарона на ўвоз у Беларусь з Латвіі тавараў паводле 38 кодаў і пазіцый класіфікатара ТН ЗЭД Еўразійскага эканамічнага саюза ўведзеная пастановай Савета міністраў № 526 ад 17 кастрычніка.

Дакумент, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 20 кастрычніка, набудзе моц 15 снежня 2026 года. Напярэдадні прэс-служба ўрада паведаміла, што ён прыняты “ў мэтах забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” — у сувязі са здзяйсненнем Латвіяй “недружалюбных дзеянняў” у дачыненні да краіны, яе грамадзян і арганізацый, у тым ліку “ў форме ўвядзення забароны на ўвоз асобных тавараў”.

У пералік увайшла некаторая харчовая прадукцыя — гатовыя прадукты і кансервы з ласося, сардзінелы, кількі, траскі; сумесі вітамінаў і мінеральных рэчываў, прызначаныя для збалансаванага дапаўнення да харчавання. У ім фігуруюць асобныя тавары для вольнага часу — вуды, рыбалоўныя прылады, аналагічныя прылады для палявання або стральбы; а таксама тавары для інтэр’ера — статуэткі ды іншыя дэкаратыўныя вырабы; драўляныя рамы для карцін, фатаграфій, люстэркаў або аналагічных прадметаў; мэбля і яе часткі.

Забарона таксама ўведзеная ў дачыненні да друкаванай прадукцыі — кніг, газет, рэпрадукцый ды іншых вырабаў паліграфічнай прамысловасці; рукапісаў, машынапісных тэкстаў і планаў. Гэта ж тычыцца асобных тэкстыльных вырабаў — гіграскапічнай ваты з баваўняных тэкстыльных валокнаў і вырабаў з яе; коўдраў (акрамя электрычных) і дарожных пледаў з ваўнянай пражы або пражы з тонкага воласу жывёл.

Частка пазіцый тычыцца металічных вырабаў і інструментаў, сярод якіх рашоткі, сеткі і агароджы з чорных металаў, шарнірныя ланцугі і іх часткі, іншыя вырабы з чорных металаў; палотны для цыркулярных піл, нажы і рэзальныя лёзы для машын або механічных прыстасаванняў для апрацоўкі драўніны.

Забаронена ўвозіць таксама прадукцыю, звязаную з машынэрыяй, у прыватнасці мацавальную арматуру, фурнітуру і аналагічныя дэталі для маторных транспартных сродкаў; рухавікі ды іншыя сілавыя ўстаноўкі; часткі сельскагаспадарчых машын і машын для ўборкі або абмалоту сельскагаспадарчых культур; шарыкавыя або ролікавыя падшыпнікі, карпусы падшыпнікаў з убудаванымі шарыкавымі або ролікавымі падшыпнікамі; часткі і прылады маторных транспартных сродкаў.

Яшчэ адна група тавараў — электраабсталяванне. Гаворка пра іншыя трансфарматары магутнасцю не больш за 1 кВА; машыны для прыёму, пераўтварэння і перадачы або аднаўлення голасу, выяў або іншых даных, уключаючы камутацыйныя прылады і маршрутызатары; антэны і антэнныя адбівальнікі ўсіх тыпаў, часткі, якія выкарыстоўваюцца разам з гэтымі вырабамі; носьбіты для запісу гуку або іншых з’яў; электраапаратуру для камутацыі або абароны электрычных ланцугоў (аўтаматычныя выключальнікі, рэле, іншыя пераключальнікі, патроны для лямпаў, штэпселі і разеткі, іншыя прылады).

Згаданы спіс дапаўняе пералік прадукцыі, якую беларускія ўлады забаранілі ўвозіць з Літвы раней. Тады абмежаванні закранулі харчовую прадукцыю ды напоі, касметыку, бытавую хімію ды парфумерыю, тавары лёгкай прамысловасці, адзенне ды абутак, бытавую тэхніку, сантэхніку ды посуд, паперу і аздобныя матэрыялы ды інш.

6 кастрычніка 2026 года міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава заявіў пра “асабліва дэманстратыўную і агрэсіўную” правакацыю на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, узброеныя людзі ў масках спрабавалі пераправіць на латвійскую тэрыторыю каля 20 мігрантаў, перасеклі мяжу, пашкодзілі абсталяванне і выкралі камеры відэаназірання.

На латвійска-беларускай мяжы зафіксаваны крадзеж дзвюх камер відэаназірання, паведаміў 9 кастрычніка кіраўнік рэгіянальнага ўпраўлення Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі ў Даўгаўпілсе Валдзіс Юкш. У будынку аддзялення службы ў Коплаве была пашкоджаная размеркавальная шафа, у выніку чаго адключыліся некалькі камер, дадаў ён.

На нарадзе з сілавікамі 13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка адмаўляў датычнасць Мінска да інцыдэнту з узброенымі людзьмі на латвійска-беларускай мяжы. “Мы выдатна ведаем (пра гэта мне ўжо паведамілі), што гэта было зроблена ўсё як інфармацыйная нагода атрымаць грошы ад Еўрапейскага саюза самімі латышамі”, — сказаў ён.

Падзяліцца: