Мінск 22:52

За тыдзень санслужба выявіла 7,6 т патэнцыйна небяспечных прадуктаў

21 кастрычніка, Позірк. З 2 па 9 кастрычніка 2026 года прадухілены продаж больш за 7,6 т патэнцыйна небяспечных харчовых прадуктаў і 3.264 адзінкі тавараў нехарчовай групы, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (санслужба).

Парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў выяўлены ў 85,1% праверанай харчовай прадукцыі і ў 55,9% выпадкаў — нехарчовай.

Сярод асноўных парушэнняў, з-за якіх быў спынены продаж, указаныя: невыкананне ўмоў захоўвання; рэалізацыя тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, без маркіроўкі (з няпоўнай маркіроўкай), без дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку; лабараторна пацверджаныя факты выпуску ў абарачэнне небяспечнай прадукцыі (якая не адпавядае гігіенічным нарматывам па паказчыках бяспекі).

Лабараторнае даследаванне пацвердзіла патэнцыйную небяспеку 32 узораў (20,6%) харчовай прадукцыі (з іх 19 — па мікрабіялагічных і 13 — па санітарна-хімічных паказчыках) і двух узораў (1,6%) нехарчовай прадукцыі (па санітарна-хімічных паказчыках).

Падкрэсліваецца, што па ўсіх фактах устаноўленых парушэнняў прыняты меры.

19 кастрычніка паведамлялася, што больш за 30 тон небяспечных прадуктаў канфіскавала санітарная служба Мінска ў крамах, на складах і харчовых вытворчасцях за 9 месяцаў 2026 года.

Адзначалася, што гаворка аб прадукцыі, якая не адпавядала санітарным патрабаванням — на яе адсутнічала неабходная дакументацыя, маркіровачных цэтлікі, скончыўся тэрмін прыдатнасці.

Спецыялісты праверылі 1.940 пробаў на кішачную палачку, сальманелу, прысутнасць недазволеных кансервантаў, фарбавальнікаў, харчовых дабавак, а таксама перавышэнне дапушчальнага ўтрымання нітратаў.

Па фактах парушэнняў аштрафавана 1.109 службовых і юрыдычных асоб (агульная сума штрафаў склала 15.481,5 рубля), вынесена 689 прадпісанняў аб прыпыненні (забароне) вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг, эксплуатацыі транспартных сродкаў), выдадзена 389 патрабаванняў аб ліквідацыі парушэнняў.

9 кастрычніка паведамлялася, што Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) з пачатку 2026 года праверыў больш за 1,4 тыс. гандлёвых аб’ектаў, у кожным чацвёртым з іх выяўлены парушэнні.

Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі сталі невыкананне санітарных нормаў і правілаў, а таксама продаж прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Так, у верасні ў 16 гандлёвых аб’ектах Магілёўскай вобласці выяўлена 51 найменне пратэрмінаваных прадуктаў. Некаторыя тавары былі пратэрмінаваныя больш чым на 200 дзён.

Падзяліцца: