Мінск 18:38

Бацька і сын затрыманыя за браканьерства ў Светлагорскім раёне, у іх канфіскаваныя зброя і порах

Фота: Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету

29 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць) двух браканьераў паведамляе Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.

“Галоўным фігурантам”, як паведамляецца, стаў “малады чалавек без афіцыйнага статусу паляўнічага”. Адзначаецца, што з незарэгістраванай стрэльбы 21 кастрычніка ён застрэліў казулю (падчас ператрусу на падворку забраны 21 кг дзічыны), 22 кастрычніка — зайца (тушу вагой 3,2 кг таксама знайшлі на падворку).

Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала 150 базавых велічынь (6.750 рублёў).

У дачыненні да парушальніка пачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 16.27 КаАП (парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання), а таксама распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 282 КК (незаконнае паляванне, якое пацягнула шкоду ў буйным памеры).

Паведамляецца, што ператрус таксама праведзены ў доме бацькі затрыманага, дзе хавалі незаконную здабычу. Акрамя мяса, на падворку захоўваліся боепрыпасы і забароненыя прылады лоўлі.

Канфіскаваныя дзве незарэгістраваныя гладкаствольныя стрэльбы 16-га калібру; 67 патронаў; 6 слоікаў з порахам (каля 300 грамаў); мех рыбалоўных сетак і 3 сеткавыя “экраны-тэлевізары”, памеры якіх перавышаюць дапушчальныя.

У дачыненні да старэйшага з мужчын заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 295 КК (незаконны абарот зброі), а таксама пачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 16.26 КаАП (незаконныя выраб, набыццё, захоўванне або збыт прылад здабычы рыбы і іншых водных жывёл).

28 кастрычніка паведамлялася, што за тыдзень Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету з незаконнага абароту канфіскавана 65 адзінак агнястрэльнай зброі, у тым ліку 48 незарэгістраваных.

Сярод канфіскаванага — 43 гладкаствольныя стрэльбы, пісталеты, вінтоўкі і карабіны, абрэзы, аптычныя прыцэлы, а таксама пнеўматычныя вінтоўкі, саматужна пераробленыя для стральбы баявымі патронамі.

Інспектары правялі 164 палявыя мерапрыемствы і выявілі 129 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Таксама яны спынілі 63 парушэнні правілаў рыбалоўства і канфіскавалі з вадаёмаў 191 незаконную сетку агульнай даўжынёй 8,17 км. З грамадзянамі правялі 620 прафілактычных гутарак.

Падзяліцца: