Мінск 15:56

У Расіі спынілі перавозку ў Беларусь 18 тон агуркоў з падробленым сертыфікатам

30 кастрычніка, Позірк. Аб спыненні 26 кастрычніка перавозкі больш за 18 тон свежых агуркоў з Расіі ў Беларусь паведаміла 30 кастрычніка ўпраўленне Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас праверкі дакументаў высветлілася, што фітасанітарны сертыфікат, які суправаджаў груз, падроблены.

Грузавік пад кіраваннем грамадзяніна Беларусі накіроўваўся з Масквы на рынак “Брадок“ у аграгарадку Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Паведамляецца, што матэрыялы праверкі накіраваныя ў праваахоўныя органы для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы. Адначасова ў дачыненні да ўладальніка партыі праводзіцца адміністрацыйнае расследаванне, па выніках якога парушальнік будзе прыцягнуты да адказнасці па арт. 10.2 КаАП РФ. Гэты артыкул прадугледжвае для юрыдычных асобаў штраф да 10 тыс. расійскіх рублёў (125 долараў ЗША).

Падзяліцца: