Мінск 00:00

За тыдзень санслужба выявіла 314 парушэнняў пры абарачэнні харчовай прадукцыі

5 лістапада, Позірк. 314 парушэнняў выяўлена з 23 да 30 кастрычніка ў Беларусі пры абарачэнні харчовай прадукцыі і 73 — пры абарачэнні нехарчовых тавараў, паведаміў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (санітарна-эпідэміялагічная служба).

Лабараторныя даследаванні пацвердзілі неадпаведнасць патрабаванням бяспекі ў 43 узораў харчовай прадукцыі (15,5% даследаваных) і 17 узораў нехарчовых тавараў (9,3%).

Сярод небяспечных прадуктаў аказаліся арэхі, гародніна, сухафрукты, прыправы, соўсы, мучныя кандытарскія вырабы, салёная ікра, фасаваныя салаты, рыбныя паўфабрыкаты, сухія сняданкі, халва і сокі для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

У ліку нехарчовых тавараў, якія не адпавядалі санітарна-хімічным паказчыкам, — сродкі бытавой хіміі і асабістай гігіены, цацкі, паветраныя шары, алюмініевыя формы для запякання, рашоткі, сталовыя прыборы, тэрмасы і дзіцячае адзенне.

Асноўнымі парушэннямі сталі рэалізацыя тавараў без дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку, невыкананне тэрмінаў прыдатнасці і ўмоў захоўвання, адсутнасць або няпоўнасць маркіроўкі, а таксама неадпаведнасць прадукцыі гігіенічным нарматывам.

21 кастрычніка санітарная служба паведаміла, што з 2 да 9 кастрычніка быў прадухілены продаж 7,6 тоны патэнцыйна небяспечных харчовых прадуктаў і 3.264 адзінак нехарчовых тавараў. Лабараторныя даследаванні пацвердзілі патэнцыйную небяспеку 32 узораў харчовай прадукцыі і двух узораў нехарчовай прадукцыі.

За 9 месяцаў 2026 года санітарная служба Мінска канфіскавала больш за 30 тон небяспечных прадуктаў у крамах, на складах і харчовых вытворчасцях. Прычынамі канфіскацыі былі адсутнасць неабходнай дакументацыі і маркіроўкі, а таксама скончаныя тэрміны прыдатнасці. Спецыялісты даследавалі 1.940 проб на наяўнасць кішачнай палачкі, сальманелы, недазволеных кансервантаў, фарбавальнікаў і харчовых дабавак, а таксама на перавышэнне дапушчальнай колькасці нітратаў. За выяўленыя парушэнні аштрафавана 1.109 службовых і юрыдычных асоб на агульную суму 15,4 тыс. рублёў.

Падзяліцца: