Мінск 11:39

Дзясяты год запар кастрычнік у Беларусі цяплейшы за норму

Ілюстрацыя: “Позірк”

6 лістапада, Позірк. Кастрычнік 2026 года быў на 2,9 градуса цяплей за норму, паведамляе Белгідрамет у месячнай справаздачы.

Сярэдняя тэмпература склала 9,7 градуса. Гэта другі нароўні з кастрычнікам 1967 года паказчык за пасляваенны перыяд. Лідарам застаецца кастрычнік 2020 года з сярэднямесячнай тэмпературай 10,5 градуса.

Як сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз тэмпературнага графіка Белгідрамета, кастрычнік у Беларусі цяплейшы за норму дзясяты год запар, з 2017-га. Да гэтага тры гады запар другі месяц восені быў халадней за кліматычную норму.

Найбольшае адхіленне ад нормы на працягу мінулага месяца назіралася ў Магілёўскай вобласці (3,2 градуса).

Цяплей звычайнага было на працягу ўсяго кастрычніка: у першай дэкадзе — на 2,5 градуса (11,6 супраць 9,1), у другой — на 1,6 (8,5 супраць 6,9), у трэцяй — на 4,4 (9,1 супраць 4,7).

Максімальная тэмпература зафіксаваная днём 8 кастрычніка ў Пінску — 24,4 градуса цяпла, мінімальная — 2,9 градуса марозу ноччу 16 кастрычніка ў Езярышчы.

Год таму рэкорд месяца быў ніжэйшы (17,9 градуса цяпла 23 кастрычніка ў Маларыце), антырэкорд — большы (6 градусаў марозу 20 кастрычніка ў Лынтупах).

Выпала 33 мм ападкаў (33 л вады на квадратны метр), што склала 61% кліматычнай нормы. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала ад 50 да 75% нормы ападкаў. Першая і трэцяя дэкады былі сухімі (24% і 54% нормы адпаведна), другая — дажджлівай (118%).

12 кастрычніка ў Гомелі адзначалася навальніца. Самы моцны вецер зарэгістраваны 9 кастрычніка ў Навагрудку (19 м/с, або 68,4 км/г). Месцамі “ў асобныя суткі адзначаліся галалёдныя з’явы”, адзначае Белгідрамет.

З 7 па 9 лістапада сіноптыкі прагназуюць у асноўным сухое надвор’е. Ноччу можа падмарозіць да -7 градусаў, днём не вышэй +8. Днём 6 лістапада таксама да +8.

Падзяліцца: