Мінск 13:54

У трэцім квартале грузінскія ўлады выслалі 15 беларускіх грамадзян, з пачатку 2026 года — 39

Сталіца Грузіі Тбілісі
Фота: "Позірк"

8 лістапада, Позірк. 15 беларускіх грамадзян выслалі грузінскія ўлады ў трэцім квартале 2026 года сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз даных мясцовай паліцыі.

Гэта на аднаго менш, чым у другім квартале, які стаў рэкордным па колькасці дэпартацыйных кейсаў з удзелам беларусаў.

За ліпень — верасень выслана 11 мужчын і 4 жанчыны.

Найбольш рэзанансным быў выпадак з высылкай у канцы верасня палітуцекача Льва Міхеева, які пяць гадоў беспаспяхова спрабаваў атрымаць у Грузіі прытулак. Цяпер ён знаходзіцца ў Арменіі і разлічвае на абарону там.

Усяго з Грузіі за трэці квартал выслана 1.134 замежнікі, доля беларусаў — 1,32%.

З пачатку года колькасць высланых грамадзян Беларусі дасягнула 39 (32 мужчыны, 7 жанчын). Агульная колькасць высланых за 9 месяцаў замежнікаў — 3.170. Удзельная вага беларусаў — 1,23%.

Як паведамляў “Позірк“, 6 лістапада ў тбіліскім метро пры праверцы дакументаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі, у якога скончыўся тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта (з-за дыскрымінацыйнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года яго можна памяняць толькі на радзіме, што пагражае арыштам тым, кто пераследуецца з палітычных матываў), а таксама мясцовае часовае пасведчанне асобы. Затрыманы знаходзіўся ў працэдуры абскарджання адмовы ў прытулку. На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, суд адхіліў апеляцыю, але суайчыннік не ведаў пра гэта.

7 лютага 2026 года на слуханнях у Каардынацыйнай радзе кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, лідар дэмсіл Святлана Ціханоўская заявіла, што Грузія з’яўляецца “болем беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне“, аднак “ускосным шляхам“ атрымана “адзінае абяцанне“, што “беларусаў не будуць дэпартаваць у Беларусь“.

Паводле даных МУС Грузіі, у трэцім квартале 2026 года заяў ад беларусаў на атрыманне прытулку, роўна як і адмоваў, не было. У першай палове года атрымана 4 адмовы.

З 2019 года Грузія адхіліла ўсе 82 разгледжаныя хадайніцтвы беларускіх грамадзян аб наданні прытулку.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: