Мінск 07:24

ЕС можа забараніць беларускім спартсменам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах на сваёй тэрыторыі — Reuters

13 лістапада, Позірк. Забарона на ўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах на тэрыторыі Еўрасаюза можа ўвайсці ў наступны пакет санкцый ЕС супраць Расіі, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатаў Еўрасаюза.

Паводле інфармацыі неназваных суразмоўцаў СМІ, 22-і з пачатку вайны пакет санкцый, змест якога Еўракамісія яшчэ ўзгадняе, можа ўключаць дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да банкаў, крыптавалют і крыптавалютных платформаў, а таксама захады па ліквідацыі магчымасцяў абыходу санкцый праз трэція краіны.

Паводле даных выдання, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен 12 лістапада перад пачаткам саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне заявіла, што новы пакет абмежаванняў будзе прадстаўлены да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета, якое пройдзе 26–27 лістапада.

Кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас у інтэрв’ю Reuters падкрэсліла важнасць абмежаванняў у дачыненні да спартсменаў: “Пытанне спартсменаў важнае, таму што для такога дыктатара, як Пуцін, чалавечыя страты на полі бою не маюць значэння. Затое для яго сапраўды важныя буйныя спартыўныя мерапрыемствы, на якіх ён можа паказаць, што яго краіна вялікая, магутная і карыстаецца такім жа прызнаннем, як і ўсе астатнія”.

Дыскусіі вакол удзелу расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах разгарэліся з новай сілай пасля таго, як Спартыўны арбітражны суд у Лазане (Швейцарыя) 30 кастрычніка абавязаў Міжнародную федэрацыю хакея (ІІХФ) дапусціць расійскія зборныя па хакеі да пяці чэмпіянатаў свету сезона 2026/27: мужчынскага, жаночага, моладзевага, а таксама юніёрскіх турніраў сярод юнакоў і дзяўчат. Беларускія каманды ў гэтым рашэнні не фігуруюць.

7 лістапада савет ІІХФ у чарговы раз абвясціў, што зборныя Беларусі не прымуць удзелу ў моладзевым чэмпіянаце свету і чэмпіянаце свету 2027 года. У той жа дзень Федэрацыя хакея Беларусі (ФХБ) заявіла, што мае намер абараняць правы беларускага хакея і ў бліжэйшы час вызначыць канкрэтныя прававыя крокі, у тым ліку магчымасць звароту ў Спартыўны арбітражны суд.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай Мінскам расійскай ваеннай агрэсіі ў адносінах да Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе ніякіх абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў, у тым ліку каманд, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

МАК, як паведамлялася, “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая датычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая Універсіяды. 

Падзяліцца: