Кіраўнік МЗС Беларусі і яго намеснік за паўгода далі чатыры інтэрв’ю нямецкаму выданню з рэпутацыяй прарасійскага

13 лістапада, Позірк. Міністэрства замежных спраў Беларусі 12 лістапада апублікавала пераклад тэксту інтэрв’ю намесніка міністра Ігара Сякрэты нямецкай газеце Berliner Zeitung. Гэта ўжо чацвёртае інтэрв’ю кіраўніцтва беларускага знешнепалітычнага ведамства гэтаму выданню з траўня 2026 года.
Гутарка, якая адбылася 4 лістапада на палях “Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”, сярод іншага прысвечаная дзейнасці АБСЕ і вайне ва Украіне.
У прыватнасці, Сякрэта сцвярджае, што ў згаданай арганізацыі “больш няма адкрытай і сумленнай дыскусіі”.
“Калі ва Украіне настане мір, мы возьмем удзел у аднаўленні і нармалізацыі жыцця ў гэтай краіне, паколькі Украіна — наш бліжэйшы рынак і гістарычна цесна звязаны з намі партнёр”, — заявіў ён.
Раней Berliner Zeitung ужо двойчы публікавала інтэрв’ю Сякрэты. У матэрыяле ад 9 траўня ён крытыкаваў падыход нямецкіх уладаў да святкавання гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, у тым ліку абмежаванні на ўдзел беларускіх і расійскіх дыпламатаў у памятных мерапрыемствах.
У матэрыяле ад 15 траўня намеснік міністра разважаў пра НАТО, еўрапейскую бяспеку і ўспрыманне Беларусі ў Германіі. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што жыхары ўсходняй часткі краіны нібыта маюць “больш рэалістычнае ўяўленне” пра краіну, чым заходнія немцы.
Акрамя таго, 10 лістапада Berliner Zeitung апублікавала інтэрв’ю міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, якое таксама было ўзятае шасцю днямі раней. Чыноўнік выказаўся пра перспектывы завяршэння вайны ва Украіне і ролю ЗША ў гэтым, еўрапейскую бяспеку. У загаловак матэрыялу было вынесена яго сцвярджэнне пра тое, што вайна “хутка скончыцца”.
Усе чатыры інтэрв’ю падрыхтавала журналістка Ева Пелі (Éva Péli). 12 траўня яе ў Мінску прымаў Сякрэта.
Аўтар па паходжанні венгерка, грамадзянка Германіі. Вучылася ў Маскве і валодае рускай мовай. Яна піша ва ўласным блогу, што “з’яўляецца выкладчыцай замежных моў са шматгадовым досведам працы ў найстарэйшай моўнай школе Берліна ў сферы адукацыі для дарослых, а таксама анлайн-рэдактаркай у працэсе навучання”.
Як раней адзначаў “Позірк”, Berliner Zeitung — штодзённая газета. Заснаваная ў 1945 годзе ў сектары Берліна, які быў заняты савецкімі войскамі, і пазней лічылася адной з галоўных газет ГДР.
Пасля набыцця выдання прадпрымальнікам Хольгерам Фрыдрыхам у 2019 годзе яго рэдакцыйная палітыка неаднаразова станавілася прадметам крытыкі нямецкіх СМІ. У прыватнасці, Der Spiegel і taz звярталі ўвагу на прадстаўленне газетай пляцоўкі прыхільнікам Крамля і прадстаўнікам неадназначных палітычных плыняў, уплыў уладальніка на рэдакцыйную палітыку.
У красавіку 2024 года амбасадар Украіны ў Германіі Аляксей Макееў публічна абвінаваціў газету ў прарасійскім ухіле. Кіраўніцтва Berliner Zeitung адхіляе падобныя абвінавачанні, заяўляючы пра прыхільнасць да свабоды слова і незалежнай журналістыкі.


- ЭканомікаТэмпы росту ВУП, паводле папярэдніх разлікаў, зніжаюццаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ 2025 годзе на 1 тыс. скрынінгавых даследаванняў выяўлена пяць выпадкаў ракуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Навіны Германіі, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗа год захворвальнасць на рак вырасла на 3,4%, за сем гадоў — амаль на 11% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ верасні танней, чым у Беларусі, бензін у ЕАЭС быў толькі ў КазахстанеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства