be
Arrow
Мінск 19:11

Зяленскі распавёў падрабязнасці размовы з Лукашэнкам

27 лютага, BPN. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чарговым відэазвароце да суграмадзян расказаў падрабязнасці тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Мы не размаўлялі з ім два гады. А сёння я гаварыў з ім доўга. Вельмі прадметна. Я растлумачыў яму дэталёва немагчымасць нашага сутыкнення. Я не хачу, каб ракеты, самалёты, верталёты ляцелі ва Украіну з Беларусі. Я не хачу, каб ішлі войскі ва Украіну з Беларусі. Ён мяне запэўніў у гэтым. Мая задача як прэзідэнта — абараніць нашую дзяржаву. І вы ўбачылі на працягу тых жорсткіх дзён, як мы гэтую задачу выконваем”, — сказаў Зяленскі.

Паводле слоў прэзідэнта, Лукашэнка звярнуўся да яго, “каб украінская і расійская дэлегацыі сустрэліся на рацэ Прыпяць”. “Падкрэслю: без якіх-небудзь умоў. Скажу адкрыта, як заўсёды: я не вельмі веру ў вынік гэтай сустрэчы, але няхай спрабуюць”, — заявіў ён.

“Каб потым ні ў аднаго грамадзяніна Украіны не было ні найменшага сумневу, што я як прэзідэнт не спрабаваў спыніць вайну, калі быў няхай маленькі, але ўсё ж такі шанс”, — патлумачыў Зяленскі.

“І пакуль нашы хлопцы (відаць, дэлегацыя. — BPN.) там, прэзідэнт — тут, кіраўнік офіса — тут, прэм’ер — тут, армія — тут, галоўнакамандуючы — тут. Мы ўсе будзем абараняць нашу дзяржаву і нашы межы”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Зяленскага, неабходна дзейнічаць прагматычна, каб здзейсніць мару — тэрытарыяльная цэласнасць. “Нашу пазіцыю вы ўбачылі на 100%. Гэта безумоўная абарона нацыянальнай дзяржаўнасці”,—- заявіў кіраўнік дзяржавы.

Раней офіс Зяленскага паведаміў, што ініцыятарам размовы стаў Лукашэнка. Перад гэтым той назваў украінскага лідара “малым напалеончыкам”, які “пасля бадуна ці што ў гэтай кашулі ці ў майцы” звярнуўся да беларускага народа ў сувязі з саўдзелам уладаў краіны ў нападзе Расіі на Украіну і перспектывамі перамоваў з Расіяй. Параўнанне Зяленскім цяперашняй сітуацыі з 1941 годам Лукашэнка таксама ўспрыняў у штыкі: “Ён 41-ы год прыводзіць у прыклад. Слухай, закрыўся б і маўчаў. Яўрэй па нацыянальнасці. Колькі спалілі тут і ва Украіне яўрэяў. Колькі загінула беларусаў, абараняючы яўрэяў тут, дзяцей яўрэйскіх… Ён думае, мы Хатынь забылі? Таму пра 41-ы год, 45-ы казаць няма чаго… Ён мне згадвае 41-ы год, калі бандэраўцы палілі нашы гарады і вёскі разам з фашыстамі. Ты пра што кажаш?”

Паводле інфармацыі офіса, Зяленскі і Лукашэнка “дамовіліся, што ўкраінская дэлегацыя сустрэнецца з расійскай без папярэдніх умоў на ўкраінска-беларускай мяжы, у раёне ракі Прыпяць”. Адзначалася, што Лукашэнка “ўзяў на сябе адказнасць за тое, што на час праезду, перамоваў і вяртання ўкраінскай дэлегацыі ўсе самалёты, верталёты і ракеты, якія размешчаныя на беларускай тэрыторыі, застануцца на зямлі”.

Раніцай у звароце да беларускага народа Зяленскі адхіліў прапанову правесці перамовы ў Мінску: “Цяпер шмат навін аб магчымых перамовах Украіны і Расіі, якія могуць скончыць гэту вайну і вярнуць мір усім нам. І ў іх часта ўзгадваюць вашу сталіцу, Мінск, як пляцоўку для гэтых перамоваў, як пляцоўку, якую выбіралі не мы… І насамрэч — не вы, а выбірала кіраўніцтва Расіі. І зноў зараз прапанова сустрэцца ў вас. Чатыры дні таму менавіта з беларускай тэрыторыі пайшлі крылатыя ракеты, самалёты, верталёты, тэхніка… Калі б з вашай тэрыторыі не было агрэсіўных дзеянняў, мы маглі б размаўляць у Мінску, вашым горадзе… Пляцоўкай могуць быць іншыя гарады для сустрэчы… У краіне, з тэрыторыі якой не ляцяць ракеты”.

 

Падзяліцца: