be
Arrow
Мінск 22:09

ЧАЭС па-ранейшаму сілкуюць рэзервовыя генератары, запасы паліва для іх вельмі абмежаваныя, заяўляе кіраўнік украінскага ядзернага рэгулятара

13 сакавіка, BPN. Энергазабеспячэнне Чарнобыльскай АЭС па-ранейшаму не адноўлена, заявіў кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі ядзернага рэгулявання Украіны Алег Корыкаў у інтэрв’ю інфармагенцтву “Главком”, якое апублікавана 13 сакавіка.

“Пачынаючы з 11.22 9 сакавіка на пляцоўцы дзяржаўнага спецпрадпрыемства “Чарнобыльская АЭС” адсутнічае электразабеспячэнне і пакуль яго не ўдаецца аднавіць, — заявіў ён. — У выніку застаюцца абясточанымі ядзерныя ўстаноўкі і іншыя аб’екты АЭС і тэрыторыі зоны адчужэння, а таксама горада Славуціч”.

“Працуюць аварыйныя дызель-генератары электрастанцыі, яны даюць сілкаванне для забеспячэння працаздольнасці асноўных сістэм, важных для бяспекі ядзерных установак і новага канфайнменту над аб’ектам “Сховішча”, у першую чаргу сховішча адпрацаванага ядзернага паліва мокрага тыпу (САЯП-1) на прампляцоўцы ЧАЭС. Гэтыя аб’екты змяшчаюць шмат ядзернага матэрыялу. У басейнах вытрымкі САЯП-1 захоўваюцца амаль 20 тысяч цеплавыдзяляльных зборак адпрацаванага ядзернага паліва ЧАЭС”, — адзначыў Корыкаў.

Паводле яго слоў, дызель-генератары “пакуль забяспечаныя” палівам, але “яго запасы вельмі абмежаваныя”. Кіраўнік ядзернага рэгулятара падкрэсліў, што пры поўным абясточванні ёсць пагроза “страты працаздольнасці важных для гарантавання бяспекі сістэм і абсталявання, у прыватнасці сістэм вентыляцыі, цеплаадводу, тэхналагічнага і радыяцыйнага кантролю”.

“Будзе страчана магчымасць дыстанцыйнага кантролю персаналам паказчыкаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі сховішчаў САЯП-1, САЯП-2, канфайнменту над аб’ектам “Сховішча”, іншых аб’ектаў. Не будзе магчымасці кантраляваць узровень і тэмпературу вады ў басейнах захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва, паказчыкі радыяцыйнай абстаноўкі”, — дадаў ён.

Корыкаў не змог наўпрост адказаць, “ці працуюць беларускія энергетыкі на лініі электраперадачы” ці ўкраінскія адмыслоўцы самастойна “адрамантуюць перабітую лінію”.

“У кампаніі “Укрэнерга” сцвярджаюць, што робіцца ўсё магчымае, каб аднавіць электразабеспячэнне. Але, на жаль, адбываюцца баявыя дзеянні ў тых зонах, дзе пралягаюць дзве лініі — ЛЭП-750 кВ і ЛЭП-330 кВ, якія вядуць у ЧАЭС. Такім чынам, аднаўленне электразабеспячэння абцяжаранае”, — заявіў кіраўнік ядзернага рэгулятара.

8 сакавіка генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што МАГАТЭ перастала атрымліваць аддалена перадаваныя даныя сістэм кантролю бяспекі Чарнобыльскай АЭС, захопленай расійскімі войскамі.

9 сакавіка нацыянальная энергетычная кампанія “Укрэнерга” заявіла, што ЧАЭС і ўсе ядзерныя аб’екты зоны адчужэння засталіся без электразабеспячэння з-за адключэння пашкоджанай расійскімі войскамі высакавольтнай лініі 750 кВ ЧАЭС — падстанцыя “Кіеўская”.

Дзяржінспекцыя па ядзерным рэгуляванні Украіны паведаміла, што на пляцоўцы ўключаны аварыйныя дызель-генератары для сілкавання сістэм, важных для гарантавання бяспекі. Прагназавалася, што пры бездакорнай працы запасу дызельнага паліва хопіць на 48 гадзін.

10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў айчынным спецыялістам забяспечыць энергазабеспячэнне Чарнобыльскай АЭС. Міністэрства энергетыкі заявіла, што беларускі бок гатовы аказаць садзейнічанне ў аднаўленні электразабеспячэння на ЧАЭС.

Неўзабаве пасля гэтага ва “Укрэнерга” заявілі, што ім не патрэбна дапамога Беларусі ў рамонце пашкоджаных высакавольтных ліній, якія сілкуюць ЧАЭС. Энергетычная кампанія запатрабавала “спыніць абстрэл і даць допуск рамонтным брыгадам”.

У той жа вечар Мінэнерга Беларусі заявіла, што праведзены “працы па падачы напружання па высакавольтнай лініі электраперадачы, якая звязвае падстанцыю 330 кВ “Мазыр” і электрасеткавыя аб’екты Чарнобыльскай АЭС”. Гэта дало “магчымасць падачы электраэнергіі на аб’екты ЧАЭС”.

Праз некаторы час кампанія “Укрэнерга” назвала гэтую інфармацыю фэйкам.

Падзяліцца: