Мінск 00:58

Лукашэнка: У выпадку агрэсіі Беларусь імгненна прыменіць ядзерную зброю

17 жніўня, Позірк. У выпадку агрэсіі Беларусь “імгненна прыменіць ядзерную зброю”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня ў інтэрв’ю прарасійскай украінскай журналістцы Дзіяне Панчанка.

Лукашэнка адзначыў, што не спаборнічае з Польшчай, Літвой, Латвіяй: “За імі НАТО стаіць. Мы разумеем, што сілы непараўнальныя, але мы нанясем для іх непрымальны ўдар, яны атрымаюць непрымальны ўрон”.

Чарговы раз Лукашэнка падкрэсліў, што ядзерная зброя, якая знаходзіцца ў Беларусі, не будзе прыменена, калі супраць яе не будзе ажыццёўлена агрэсія.

Ён прызнаў, што Беларусь “можна захапіць за месяц”, таму ў выпадку нападу “адказ будзе імгненным” адпаведна плану, які ёсць на гэты выпадак. Паводле слоў Лукашэнкі, стрымальным фактарам з’яўляецца стратэгічная ядзерная зброя, а не тактычная, якая ёсць у Беларусі.

Адказваючы на пытанне, ці не выключае ён прымянення ядзернай зброі супраць Украіны, Лукашэнка сказаў: “Калі яна зробіць агрэсію супраць нас. У нас ёсць сёе-тое акрамя ядзернай зброі. Мы не будзем вас папярэджваць, што калі вы пяройдзеце чырвоныя лініі, мы па цэнтрам прыняцця рашэнняў нанясем удар. Гэта будзе зроблена без папярэджання. Вы нас не чапайце. Мы вас не чапаем, і вы нас не чапайце”, — заклікаў Лукашэнка, адзначыўшы, што яго разважанні тычацца менш за ўсё Украіны, а больш — “вар’ятаў на Захадзе, якія рыхтуюцца”.

На думку Лукашэнкі, “вайна НАТО з Расіяй і Беларуссю — гэта сусветная вайна з прымяненнем ядзернай зброі”. “Проста так не абыдзецца, як ва Украіне, таму гэтага трэба пазбегнуць. Захад не хоча ядзернай вайны, таму што выжыць нікому не ўдасца. Расія першая краіна ў свеце па запасах ядзерных боегаловак, прыкладна столькі ж ёсць і ў ЗША. Уцягнуты будуць усе. Горача будзе. Ніхто не хоча паміраць, усе хочуць жыць хаця б так, як жывем і спадзявацца на лепшае. Я не бачу абгрунтавання, што гэтая вайна магчымая”, — сказаў суразмоўца.

У сярэдзіне чэрвеня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што частка тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) ужо дастаўлена на беларускую тэрыторыю.

Падчас наведвання Камянецкага раёна (Брэсцкая вобласць) 1 жніўня Лукашэнка назваў наяўнасць на беларускай тэрыторыі ТЯЗ і АЭС фактарам бяспекі. “На ядзерную краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў. У нас атамная станцыя — гэта, я вам павінен сказаць, вельмі моцны фактар бяспекі: калі ірване, крый божа, то мала не здасца, і там (на Захадзе. — “Позірк“.) у тым ліку”, — растлумачыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, больш за палову ТЯЗ, якую запланавана размясціць на беларускай тэрыторыі, ужо “завезена і разгрупавана” па краіне.

Падзяліцца: