be
Arrow
Мінск 21:55

ІКЕА не прызнала выкарыстанне працы беларускіх зняволеных

18 лістапада, BPN. ІКЕА не прызнае выкарыстанне працы беларускіх палітвязняў, вынікае з заявы, якую атрымаў BPN з кампаніі ў адказ на шэраг пытанняў у сувязі з публікацыяй расследавання нямецкай газеты taz і французскага анлайн-выдання Disclose.

У матэрыяле гаворка ішла аб працы зняволеных на пастаўшчыкоў ІКЕА — тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, мэблевае “Івацэвічыдрэў”, холдынг арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці Borwood (штаб-кватэра ў Мінску), куды ўваходзяць прадпрыемствы “БР-Вуд” (Бабруйск), “БР-Форэст” (Барысаў), “Віцебскдрэў”.

У якасці прыкладу выкарыстання працы зняволеных у расследаванні згадваецца “Папраўчая ўстанова № 5” (Івацэвічы), што, як указана на яе сайце, “займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй корпуснай, мяккай мэблі, мэблі з масіву, дрэваапрацоўкай, швейнай вытворчасцю і інш.”, з’яўляецца “стабільным і паспяховым прадпрыемствам на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь і па-за яе межамі (Расія, Францыя, Германія і інш.)”.

Нідэрландская кампанія, заснаваная ў Швецыі ў 1943 годзе, ІКЕА прыйшла на беларускі рынак у 1999 годзе, а ў 2007 годзе ў Нідэрландах адкрылася фірма Ingka Belarus BV (Ingka — юрыдычная назва ІКЕА, паводле імені заснавальніка Інгвара Кампрада). Закупкі ў Беларусі выраслі са 130 млн еўра ў 2018 годзе да 300 млн — у 2021-м. ІКЕА працягвала супрацоўнічаць з беларускімі прадпрыемствамі, нягледзячы на ўсё больш моцныя рэпрэсіі супраць народа, адзначаецца ў расследаванні. Журналісты нагадваюць, што ў 2012 годзе ІКЕА прызнала выкарыстанне працы палітвязняў у ГДР у 1970–80-х гадах.

BPN звярнуўся ў ІКЕА з наступнымі пытаннямі:

1. Ці давярае IKEA інфармацыі, апублікаванай у матэрыяле, ці гэта плён журналісцкай фантазіі?

2. Ці правярае IKEA добрасумленнасць сваіх кампаній-партнёраў, у тым ліку з пункту гледжання выкарыстання прымусовай працы?

3. Ці дапускае IKEA, што беларускія кампаніі-пастаўшчыкі маглі свядома ўвесці яе ў зман адносна выкарыстання прымусовай працы ў турмах?

4. Ці разумела IKEA, прыходзячы на беларускі рынак і заключаючы дагаворы з беларускімі пастаўшчыкамі, што ў Беларусі ўжо даўно, а не толькі з 2020 года сістэматычна і масава парушаюцца правы чалавека?

5. Якія захады мае намер прыняць кампанія для мінімізацыі рэпутацыйных выдаткаў, што будуць пасля публікацыі расследавання?

“У ІКЕА мы вельмі сур’ёзна ставімся да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаем парушэнняў правоў чалавека ў нашым ланцужку паставак. На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнесе няма месца парушэнням правоў чалавека”, — гаворыцца ў адказе, які паступіў у BPN.

“Выкарыстоўваючы доўгатэрміновы падыход, мы імкнемся да ўстойлівых змен да лепшага, дзе б мы ні знаходзіліся. Мы сур’ёзна ставімся да сваёй адказнасці за ўкараненне працэсаў выяўлення і мінімізацыі рызыкаў з дапамогай комплекснай прававой экспертызы, уключаючы праверку іншымі аўдытарамі”, — падкрэслівае ІКЕА.

Кампанія паведамляе, што ў чэрвені 2021 года прыняла рашэнне спыніць развіццё “любога новага бізнесу” праз “праблемы з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальную абстаноўку”. Адначасова прапрацоўваўся “наступны крок”, каб “пакінуць краіну без рызыкі для сродкаў да існавання тысяч людзей, якія былі ўзяты на працу наўпрост або ўскосна”. “Вайна ва Украіне і міжнародныя санкцыі паскорылі гэтыя планы. У чэрвені 2022 года ІКЕА прыняла рашэнне пакінуць краіну і скасаваць кантракты са сваімі пастаўшчыкамі”, — сказана ў адказе.

Падкрэсліваецца, што, прысутнічаючы ў Беларусі, ІКЕА праводзіла “рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з картаваннем (стварэнне карты працэсу. — BPN.) ланцужку паставак, каб забяспечыць адпаведнасць патрабаванням”. “Кожны раз, калі мы атрымліваем прыкметы неправамерных паводзін, мы сур’ёзна ставімся да іх, расследуем іх і прымаем захады. Мы заўсёды імкнёмся адпавядаць нашым каштоўнасцям і чаканням удзельнікаў нашага ланцужка паставак”, — гаворыцца ў заяве ІКЕА ў адказ на пытанні BPN.

Падзяліцца: