be
Arrow
Мінск 15:24

Прадпрыемствы “Лакафарба” і “Белшына” будуць прадаваць сваю прадукцыю ў рамках дзяржзакупак на безканкурэнтнай аснове

16 сакавіка, BPN. Савет міністраў пастановай № 182 ад 14 сакавіка вызначыў умовы, пры якіх у 2023–2024 гадах могуць ажыццяўляцца дзяржаўныя закупкі на безканкурэнтнай аснове.

У прыватнасці закупкі з адной крыніцы дазволеныя, калі гаворка пра набыццё “фарбаў, лакаў і аналагічных пакрыццяў” у лідскага прадпрыемства “Лакафарба” (Гродзенская вобласць), а таксама “шын і камер гумавых новых” у бабруйскага прадпрыемства “Белшына” (Магілёўская вобласць).

Адметна, што месяцам раней, 14 лютага, Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра арышт дырэктара “Белшыны” Андрэя Бунакова, абвінаваціўшы яго ў стратах прадпрыемства.

2 снежня 2021 года Еўрасаюз ухваліў пяты пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, у які трапілі 17 фізічных і 11 юрыдычных асоб, у тым ліку “Белшына” (пазней да іх далучыліся кандыдаты на ўступленне ў ЕС — Албанія, Паўночная Македонія, Сербія і Чарнагорыя, члены Еўрапейскай эканамічнай зоны — Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія).

У той жа дзень такія санкцыі ўвялі ЗША, Вялікабрытанія і Канада. У ліпені 2022 года “Белшыну” ўключыла ў свой санкцыйны спіс Японія, у кастрычніку — Украіна.

23 лістапада 2022 года намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч назваў “Белшыну” ў ліку 26 беларускіх прадпрыемстваў, чые актывы замарожаны ў выніку санкцый ЕС.

Што да “Лакафарбы”, восенню 2021 года ЗША аднавілі санкцыі супраць “Белнафтахіма”, у склад якога ўваходзіць згаданае прадпрыемства. Украіна таксама ўвяла санкцыі супраць канцэрна, а ў канцы студзеня 2023 года ўжыла абмежавальныя меры непасрэдна да “Лакафарбы” і яшчэ 22 беларускіх арганізацый.

Падзяліцца: