be
Arrow
Мінск 16:26

У Пінску пахавалі палітвязня Мікалая Клімовіча

12 траўня, BPN. У Пінску 12 траўня пахавалі палітвязня, інваліда 2-й групы Мікалая Клімовіча.

Ахвотныя развітацца з Клімовічам, які памёр у калоніі ў гарадскім пасёлку Віцьба (Віцебскі раён), маглі гэта зрабіць каля яго дома, на могілках ці на памінках, распавяла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Паводле яе слоў, спачатку цела Клімовіча прывезлі да яго дома, куды сярод іншых развітацца прыйшлі сваякі пінскіх палітвязняў.

Пахаванне, як і было запланавана, адбылося на пінскіх могілках “Таргошыцы”. “Там было каля 20 чалавек, гэта сваякі і сябры Мікалая”, — адзначыла крыніца.

Неабходныя на пахаванне грошы былі сабраныя з дапамогай фонда BySol за шэсць гадзін.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з патрабаваннем расследаваць смерць палітвязня.

28 лютага 2023 года суд Пінскага раёна і Пінска (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў Клімовіча да аднаго года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК — за “абразу” Аляксандра Лукашэнкі.

Блогера ўзялі пад варту ў зале суда: да вынясення прысуду ён быў на волі праз дрэнны стан здароўя пасля аперацыі на сэрцы і інсульту. 21 красавіка Брэсцкі абласны суд мусіў разгледзець апеляцыю Клімовіча. Вынік пасяджэння невядомы.

“Я спадзяваўся і многія, што прыгавор абмяжуецца “хатняй хіміяй” (абмежаванне свабоды па месцы жыхарства. — BPN.). Але пракурор запатрабаваў год калоніі агульнага рэжыму”, — заявіў BPN Клімовіч перад вынясеннем прысуду.

Гэта, паводле слоў абвінавачанага, “быў для ўсіх шок”, улічваючы стан яго здароўя.

Яму таксама інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі) і 3614
КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але пасля праверкі гэтыя артыкулы былі знятыя.

На працэсе адвакат распавёў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсліваў небяспеку турэмнага тэрміна для яго. “Любое турэмнае зняволенне для мяне — гэта смерць, бо я мушу быць пад пастаянным наглядам доктара, ужываць вялікую колькасць моцнадзейных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца”, — папярэдзіў сам Клімовіч.

Ён падкрэсліў, што займае антываенную пазіцыю і з гэтым звязаныя яго публікацыі ў сацыяльных сетках.

Інсульт і складаную аперацыю на сэрцы Клімовіч, які ў сацсетках падпісваўся Мікалаем Вераснем, перанёс летась у траўні. Праз сем месяцаў, у снежні, яго затрымалі за рэакцыю “смешна” пад карыкатурай на Уладзіміра Пуціна ў нацысцкай форме. Тады ў ізалятар часовага ўтрымання выклікалі хуткую дапамогу, дактары адвезлі Клімовіча ў шпіталь. Пазней ён быў аштрафаваны на 111 рублёў (3 базавыя велічыні). За тую ж “правіну” у лютым ён атрымаў крымінальны тэрмін.

5 траўня Клімовіч быў уключаны ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

7 траўня сваякам паведамілі аб смерці 61-гадовага актывіста.

На гэтае здарэнне адрэагавалі беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч ды інш. Еўрасаюз ізноў запатрабаваў ад беларускіх уладаў вызваліць усіх палітвязняў.

Падзяліцца: