Мінск 12:59

ВС: Амаль 13% суддзяў знаходзяцца пад санкцыямі

9 жніўня, Позірк. У Беларусі ў судах агульнай юрысдыкцыі працуе 1.126 суддзяў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда (ВС). 

Большасць суддзяў — жанчыны (715; 63%). Ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў 274 суддзі (24%), ад 40 да 50 — 422 (38%), ад 50 да 60 — 308 (27%). 

74 суддзі дасягнулі ўзросту старэйшага за 60 гадоў (6,6%), а 48 яшчэ няма 30 (4,3%). 

У ВС працуе 60 суддзяў, з іх 26 жанчын (43%). 

16 суддзяў ВС знаходзяцца ва ўзросце 40–50 гадоў (27%), 32 — ад 50 да 60 (53%), 12 — старэйшыя за 60 гадоў (20%). 

У дачыненні да больш як 150 суддзяў (каля 13% ад агульнай колькасці), паводле звестак Вярхоўнага суда, уведзены розныя санкцыі замежных дзяржаў. 

3 жніўня Еўрасаюз увёў новыя абмежавальныя меры ў адносінах да 38 чалавек, у тым ліку 19 суддзяў. Сярод іх суддзі Мінскага гарадскога суда Пётр Арлоў, Валянціна Зянкевіч, суддзі суда Маскоўскага раёна Мінска Святлана Бандарэнка, Сяргей Хрыпач, Таццяна Пірожнікава. 

У дакладзе Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub “Адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі: фактычныя дадзеныя і прававы аналіз” асаблівая роля ў пераследзе грамадзян з палітычных матываў адводзіцца пракурорам і суддзям. 

Адзначаецца, што са жніўня 2020 года суддзі сталі “проста выконваць рашэнні следчых і супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі аб неабходнасці пачатку расследавання, а таксама аб затрыманні, прад’яўленні абвінавачання і асуджэнні да пазбаўлення волі”.

Падзяліцца: