Мінск 01:05

Нацыянальны авіяперавозчык Азербайджана аднавіў рэйсы з Баку ў Мінск

2 кастрычніка, Позірк. Нацыянальны авіяперавозчык Азербайджана (AZAL) адкрыў рэгулярныя рэйсы па маршруце Баку — Мінск, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Першы рэйс з Баку прыбыў у сталіцу Беларусі 2 кастрычніка. Палёты будуць выконвацца чатыры разы на тыдзень: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца. Час у шляху складзе каля 4 гадзін.

Генеральны дырэктар мінскага аэрапорта Вячаслаў Харанека падзякаваў азербайджанскім калегам “за ўважлівае стаўленне да пажаданняў беларускіх грамадзян, якія нязменна дэманструюць высокую зацікаўленасць у палётах паміж Мінскам і Баку”.

На яго думку, пасажыры змогуць выкарыстоўваць Міжнародны аэрапорт Гейдар Аліеў (Баку) для далейшага руху ў краіны Еўропы, Азіі і Блізкага Усходу.

Квіткі даступныя на сайце AZAL, у мабільным дадатку і ў акрэдытаваных агенцтваў авіякампаніі.

Авіякампанія AZAL — буйны авіяперавозчык і адзін з лідараў авіяцыйнай супольнасці краін СНД з сучасным паркам паветраных суднаў. AZAL ажыццяўляў рэйсы ў Мінск у перыяд з 2014 па 2018 год.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза.

Падзяліцца: