Мінск 05:26

На нарадзе ў Лукашэнкі абвешчана пра арышт 15 фігурантаў “справы малочнікаў” і саўдзеле “членаў урада”

Рэклама "Бабушкиной крынки" на вітрыне крамы "Беларускі дом" у Тбілісі
Фота: Позірк

14 лістапада, Позірк. Следчыя органы ўзялі ў распрацоўку восем камерцыйных груп, якія займаліся пастаўкамі малочнай прадукцыі на расійскі рынак, затрымана 26 чалавек, арыштавана 15, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

“Справа малочнікаў” абмяркоўвалася 14 лістапада на нарадзе па пытаннях пасажырскіх перавозак. Лукашэнка згадаў магілёўскі холдынг “Бабушкина крынка”, дзе прызначаны ў 2019 годзе дырэктар нібыта сфармаваў “сваю каманду” з ліку набліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў новую збытавую палітыку.

“Цяпер пачнуць выць і крычаць, — сказаў Лукашэнка. — Была “справа ўрачоў”, была справа яшчэ кагосьці, зараз “справа малочнікаў”. Я спецыяльна гэта пры “губернатарах” кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў “Бабушкину крынку”, але адказваць будзеце ўсё, прытым жорстка будзеце адказваць”.

Адметнай асаблівасцю дзейнасці схемы з’яўлялася наяўнасць падкантрольных суб’ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, “што дазваляла прадаваць малочную прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канчатковаму спажыўцу па больш высокай цане, заніжаючы падаткаабкладаемы базу”, заявіў выступоўца.

Схема, на думку Лукашэнкі, не магла існаваць без службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў, у тым ліку чальцоў урада.

Асобныя камерсанты “атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі ніжэй за ўстаноўлены індыкатыва (ўнутраная цана. — “Позірк”.)”.

Лукашэнка сцвярджае, што яны тэлефанавалі ў Мінсельгасхарч і прасілі не вызначаць індыкатыў: “Казалі: дайце мы тут разбярэмся, распрадамо па ніжэйшых коштах. А потым вызначыце індыкатыўныя кошты, ніжэй якіх нельга прадаваць. Так я разумею? Потым ішоў продаж. Такое стала магчымым, таму што ў вас, Раман Аляксандравіч (зварот да прэм’ер-міністра Галоўчанкі. — “Позірк”.) няма сістэмы рэалізацыі прадукцыі”.

Паводле слоў Лукашэнкі, “як толькі замялі, пасадзілі гэтых дзеячаў куды трэба, зусім іншыя цэны на прадпрыемствах”.

Ён таксама паведаміў, што 13 лістапада даручыў перапісаць і канфіскаваць у даход дзяржавы ўсю ўласнасць фігурантаў “справы малочнікаў”, якой “нямерана”. Пры гэтым Лукашэнка парэкамендаваў сілавікам “памнажаць шкоду на тры, а можа, на пяць” і абяцаў “разабрацца з усімі”.

Лукашэнка звярнуўся да старшыняў аблвыканкамаў: “Не дай бог, хібы (“косяки”) будуць у вашу бытнасць. Будзе ажно ў вачах цёмна, якімі б надзейнымі і адданымі вы мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі, гэта пытанне дзяржаўнай важнасці”.

Раней СМІ паведамлялі аб арыштах кіраўнікоў некалькіх малочных прадпрыемстваў, у прыватнасці Лепельскага малочнага камбіната і “Бабушкина крынка”.

Даведка “Позірку”:

У верасні 2019 года генеральным дырэктарам прадпрыемства “Бабушкина крынка” быў прызначаны Генадзь Скітаў (Элькінд). Праз год ён атрымаў ад Лукашэнкі падзяку за “шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу”. У 2010 годзе фігураваў у расследаванні, якое правяло выданне “Ежедневник” аб крымінальным свеце раённага цэнтра Барысаў Мінскай вобласці ў 1990-х гадах. Скітаў часта мяняў месца працы: Барысаўскі мясакамбінат, “Белрыба”, БАТЭ, “Белкард”, МАЗ, “Аўтапровад”. Выязджаў з футбольным клубам БАТЭ за мяжу на матчы еўрапейскіх кубкаў.

На сайце прадпрыемства "Бабушкина крынка" Генадзь Скітаў па-ранейшаму фігуруе як генеральны дэрэктар
Фота: скрыншот сайта "Бабушкина крынка"
Падзяліцца: