Мінск 05:06

Марына Золатава намінаваная на прэмію “Рэпарцёраў без межаў”

Фота: "Позірк"

16 лістапада, Позірк. Галоўны рэдактар ліквідаванага ўладамі беларускага партала tut.by, палітзняволеная Марына Золатава вылучаная на прэмію “Рэпарцёраў без межаў” (RSF) у намінацыі “Мужнасць”, паведамляе сайт RSF.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 28 лістапада ў Бруселі. Сёлета на прэмію вылучаны 21 намінант з 18 краін (рэпарцёры — 13, фотакарэспандэнты — 5, СМІ — 2, асацыяцыя журналістаў — 1).

Будуць вызначаныя пераможцы ў трох традыцыйных намінацыях — “Мужнасць”, “Уздзеянне”, “Незалежнасць”, а таксама ў рамках новай фотапрэміі “Лукас Далега — SAIF”. Яна носіць імя маладога фатографа, які быў забіты ў 2011 годзе паліцыяй падчас асвятлення пратэстаў у Тунісе. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэтую намінацыю падтрымлівае Таварыства тварцоў выяўленчага мастацтва (SAIF).

17 сакавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Золатаву і гендырэктара “ТУТ БАЙ МЕДЫА” Людмілу Чэкіну да 12 гадоў пазбаўлення волі. Іншыя фігуранты палітычна матываванай справы — рэдактар палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, бо пасля вызвалення з-пад варты пакінулі Беларусь. Пасля яны былі абвешчаныя ў вышук.

Чэкінай, Золатавай, Лойка і Талкачовай інкрымінавалі арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса. Ткачэнка была абвінавачаная паводле арт. 243 і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Золатаву, Чэкіну, Лойка і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. На практыцы гэта азначае, што Золатава і Чэкіна не маюць права атрымліваць грашовыя пераводы ў калонію.

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Усяго па “справе tut.by” 18 траўня 2021 года было затрымана 15 чалавек.

Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені 2021 года стварыла праект zerkalo.io. Беларускія ўлады ўжо прызналі яго “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а яго кантэнт — “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У Беларусі і РФ доступ да сайта заблакаваны.

3 снежня 2020 года Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022-га — прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Падзяліцца: