Мінск 10:25

Перамога Украіны прывядзе да падзення рэжыму Лукашэнкі — Форум беларускага культурнага супраціву

Форум беларускага культурнага супраціву
Фота: zahidfront.com.ua

20 лістапада, Позірк. Паражэнне Расіі ў вайне з Украінай — найкарацейшы шлях да падзення рэжыму Лукашэнкі і вяртання Беларусі ў вялікую еўрапейскую сям’ю. Такое меркаванне выказалі ўдзельнікі панэльнай дыскусіі “Супраціў. Дэакупацыя. Свабодны народ” Форуму беларускага культурнага супраціўлення, які праходзіць у Луцку (19—26 лістапада).

Як паведаміў украінскі сайт “Заходні інфармацыйны фронт”, арганізатарамі форуму выступілі полк Каліноўскага і ўкраінская грамадская арганізацыя “Платформа развіцця праектаў “Прыярытэт”. Мерапрыемства заклікана стаць пляцоўкай для аб’яднання намаганняў усіх апазіцыйна настроеных да рэжыму Лукашэнкі беларусаў, абмеркавання форм супраціву дыктатуры і перспектыў наладжвання адносінаў паміж вольнай Беларуссю і Украінай.

Да працы форуму ў анлайн-рэжыме далучылася прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, якая ў сваім звароце назвала культуру адным з франтоў супраціву ў барацьбе за свабоду.

Палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі зазначыў, што Украіну і Беларусь аб’ядноўваюць імкненне да свабоды і яны павінны стаць “сапраўднымі сябрамі, як гэтага патрабуюць стратэгічныя інтарэсы нашых народаў”.

Эксперт Украінскага інстытута будучыні, палітолаг Ігар Тышкевіч выказаў меркаванне, што ва ўмовах фармавання біпалярнага свету з цэнтрамі ў ЗША і Кітаі Украіна і Беларусь знаходзяцца ў небяспецы. У гэтых умовах Украіна, лічыць ён, “дэманструе сваю сілу і змагаецца за суб’ектнасць”, а беларусы “разбітыя на некалькі груп па ідэнтычнасці і каштоўнасцям”. Паводле слоў Тышкевіча, калі беларусы хочуць захавацца як нацыя, яны “павінны прайсці шлях адмовы ад Расіі”, а “лепшым часам для таго, каб назаўжды вырвацца з арбіты Крамля”, стане “ўнутраны крызіс у Маскве пасля паражэння”.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін узняў пытанне распаўсюджвання савецкай формы ідэнтычнасці ў беларускім грамадстве і распавёў пра пераслед мастакоў, музыкаў і іншых дзеячаў айчыннай культуры.

Старшыня праўлення Крымскататарскага рэсурснага цэнтра Эксандэр Барыеў падзяліўся досведам вынясення праблемы паняволенага крымскататарскага народа на глабальны ўзровень, а таксама распавёў пра формы супраціву расійскім захопнікам на акупаваным паўвостраве.

Удзел у дыскусіі ўзялі таксама старшы палітычны дарадца і кіраўнік аддзела ўнутранай палітыкі офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, тэлевядучы, акцёр і прадзюсер Дзмітрый Танковіч, дзеячы беларускага валанцёрскага руху.

Форум пачаўся з адкрыцця арт-выставы работ вядомага беларускага мастака Уладзіміра Цэслера. Паводле інфармацыі “Заходняга ўкраінскага фронту”, удзельнікам мерапрыемства былі прадэманстраваны “апазіцыйныя беларускія кінастужкі”. Адбылася таксама “прэзентацыя атрыбутаў новага беларускага войска”.

Падзяліцца: