Спецпрадстаўнік Польшчы Міхальскі: Беларуская эміграцыя ўзбагачае нацыянальную спадчыну і мае вялікае значэнне

25 лістапада, Позірк. Беларуская эміграцыя ўзбагачае нацыянальную спадчыну, заявіў ўпаўнаважаны Міністэрства замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, былы амбасадар у Мінску Артур Міхальскі 25 лістапада ў Гданьску на цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
“Быў час, калі мы сустракаліся ў Мінску, а зараз сустракаемся ў Варшаве альбо, як у гэтым годзе, у Гданьску, — адзначыў дыпламат. — Што азначае тое, што мы пакуль не сустракаемся ў Беларусі? Гэта азначае, што беларускіх творцаў выгналі з Беларусі, што тэрор, які там пануе, нішчыць беларускія жыцці, нішчыць беларускую мову і культуру, усе праявы свабоды, кідае людзей у турмы, аслабляе і так слабыя асновы незалежнасці”.
“Але што азначае тое, што мы сустракаемся ў чарговы раз, хоць бы ўжо і ў Польшчы? Гэта азначае, што беларуская літаратура развіваецца, як і беларуская культура і незалежная беларуская палітычная думка. У эміграцыі, але развіваецца. Усе вашыя дасягненні ў гэтай галіне ўзбагачаюць беларускую нацыянальную спадчыну і маюць вялікае значэнне. Яны фармуюць новае пакаленне беларусаў. Тых, што гучна заявілі пра сваю годнасць у 2020 годзе, якія сталі сумленнем народа”, — дадаў ён.
У цяперашні “асабліва складаны час”, адзначыў Міхальскі, “здаецца, што тэрор перамагае, што беларускі народ, як слімак, хаваецца ў сваю шкарлупіну праз страх рэпрэсій, турмы, катаванняў, <…> што настаў час, калі надзея пачынае згасаць”.
“Думаю, гэта толькі так падаецца. Я думаю, што ў сэрцы і думкі беларусаў трапляе і будзе трапляць яшчэ больш тое, што адбываецца ў беларускай культуры ў эміграцыі. Яны там маўчаць, бо не могуць інакш, але вы можаце гучна выказвацца. Ваша творчасць важная”, — запэўніў ён.
Паводле слоў Міхальскага, у часы камунізму для жыхароў Польшчы было важна, “што гавораць палякі ў эміграцыі, якія жывуць у свабодным свеце”.
“Мы чыталі падпольныя выданні, кнігі, выдадзеныя за мяжою і патаемна прывезеныя ў Польшчу, слухалі “Радыё Свабодная Еўропа”, хоць рэжым спрабаваў яго глушыць, — узгадаў ён. — Той голас часткі нашага народа, якая жыла ў эміграцыі, быў для нас важны. Яны заставаліся часткай польскай супольнасці, нягледзячы на “жалезную заслону”. Я гляджу на гісторыю Польшчы, на наш шлях да свабоды (а такія думкі тут, у Гданьску — калысцы “Салідарнасці”, прыходзяць самі сабой) і бачу, што роля эміграцыі была надзвычай вялікай”.
“Веру, што так будзе і з вамі. Беларусы выратуюць сваю незалежнасць, будуць мець свабодную і дэмакратычную дзяржаву, будуць гаспадарамі на сваёй зямлі. І менавіта вы, дзякуючы развіццю мовы, культуры, ідэнтычнасці, спрычыніцеся да гэтага”, — падсумаваў дыпламат.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваЧыноўнікі Мінадукацыі паведамляюць супярэчлівыя звесткі аб квоце на навучанне расіян у ВНУ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства100 балаў на ЦТ і ЦЭ атрымала больш за 2 тыс. абітурыентаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені — траўні было звольнена на 9% работнікаў больш, чым нанята (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПродажы беларускіх тавараў у краіны па-за СНД знізіліся за год на 11% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка