Мінск 14:55

Ціханоўская прапанавала ўладам Латвіі дапамогу ў верыфікацыі беларусаў, якія ўязджаюць у краіну

Ілюстрацыйнае фота: av.by

28 лістапада, Позірк. Дапамогу ў верыфікацыі беларускіх грамадзян, якія ўязджаюць у Латвію на асабістых аўтамабілях, прапанавала дэмакратычны лідар Светалана Ціханоўская ўладам Латвіі ў эфіры перадачы Rus.LSM.lv “ТЧК”.

Ціханоўская звярнула ўвагу, што латвійскія ўлады пакуль не адмовіліся ўвесці забарону на ўдзел у дарожным руху аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, падкрэсліўшы, што тэма абмяркоўваецца, а ў Рызе бачаць пагрозу нацыянальнай бяспецы з боку Мінска.

“Зразумела, што беларускі рэжым таксама не спіць і можа адпраўляць сваіх людзей у Латвію. Але наша пазіцыя такая, што трэба ўсё ж такі размяжоўваць рэжым і беларусаў. Для многіх грамадзян Беларусі магчымасць выезду за мяжу, магчымасць атрымання латвійскай візы, гэта адзіны спосаб пазбегнуць рэпрэсій. Адзіны спосаб не сесці на дзясяткі гадоў у турму за падтрымку ўкраінскай арміі, напрыклад”, — сказала палітык.

Паводле яе слоў, дэмакратычныя сілы працягнуць адстойваць інтарэсы беларусаў, бо “пад гэтыя забароны трапляюць актывісты, палітычна актыўныя людзі”.

“Мы са свайго боку можам дапамагчы ў верыфікацыі людзей, якія ўязджаюць альбо атрымліваюць візы. Але мы просім не абмяжоўваць выезд [з Беларусі] людзей, якім немагчымасць пакінуць краіну можа каштаваць жыцця”, — падкрэсліла дэмлідар.

За тры гады, дадала ён, дэмакратычныя сілы стварылі “сістэму верыфікацыі людзей”, якая можа “дапамагчы ўрадам і спецыяльным органам у верыфікацыі кожнага, хто выязджае”. “Вядома, гэта не значыць, што мы зможам адсекчы ўсіх “няправільных”, але, прынамсі, знізіць іх працэнт здольныя”, — падкрэсліла Ціханоўская, заклікаўшы еўрапейскіх партнёраў да супрацоўніцтва ў гэтым пытанні.

2 лістапада латвійскі сейм прыняў папраўкі да закона аб дарожным руху, якія абавязваюць уладальнікаў аўтамабіляў з расійскімі нумарамі перарэгістравацца ў Латвіі не пазней за 14 лютага 2024 года або вывезці свой транспарт за межы краіны. У адваротным выпадку аўтамабілі будуць канфіскаваныя і перададзеныя Украіне.

Першапачаткова абмежавальныя дзеянні распрацаванага Мінюстам Латвіі законапраекта распаўсюджваліся і на транспарт з беларускімі нумарамі, аднак парламенцкая камісія па народнай гаспадарцы выключыла з дакумента адпаведныя палажэнні.

23 лістапада ў эфіры Латвійскага радыё міністр юстыцыі гэтай балтыйскай краіны Інэсе Лібіня-Эгнэрэ заявіла, што Рыга працягне “шукаць шляхі” для таго, каб аўтамабілі з беларускімі нумарамі не маглі ўдзельнічаць у дарожным руху краіны.

27 лістапада Ціханоўская падчас сустрэчы падзякавала прэм’ер-міністру Латвіі Эвіку Сіліню за рашэнне Рыгі не ўводзіць абавязак для ўладальнікаў транспартных сродкаў з беларускімі нумарамі перарэгістраваць іх у Латвіі ці пакінуць тэрыторыю краіны.

Падзяліцца: