Мінск 08:59

Знешнегандлёвы абарот Беларусі ў 2023 годзе вырасце да 80 млрд долараў з доляй РФ 69%, прагназуе амбасадар Круты

12 верасня, Позірк. Знешнегандлёвы абарот Беларусі па выніках 2023 года павінен скласці 80 млрд долараў, заявіў амбасадар у Расіі Дзмітрый Круты 12 верасня падчас дыскусіі “ЕАЭС і БРІКС: роля ў фармаванні новага шматпалярнага свету” ў рамках Усходняга эканамічнага форуму ва Уладзівастоку.

Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, аб’ём узаемнага гандлю з Расіяй сёлета павінен скласці 55 млрд долараў. “50 мільярдаў — чыста тавары і плюс 5 мільярдаў — паслугі”, — патлумачыў дыпламат.

Такім чынам, калі прагноз Крутога апраўдаецца, абарот вырасце на 4% у параўнанні з 2022 годам (76 млрд 897,8 млн долараў). Пры гэтым доля РФ у структуры беларускага знешняга гандлю складзе 68,75%.

Летась тавараабарот Беларусі і РФ, паводле даных расійскага боку, павялічыўся да 45 млрд долараў, згодна з беларускай статыстыкай — да 50 млрд.

Паводле даных Нацыянальнага банка, знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за студзень — ліпень 2023 года склаў 53 млрд 833,2 млн долараў — на 13,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2022-га (47 млрд 470,5 млн).

Экспарт склаў 26 млрд 866,4 млн долараў (+6,4%; 25 млрд 259,9 млн), імпарт — 26 млрд 966,8 млн (+21,4%; 22 млрд 210,6 млн).

Адмоўнае сальда за гэты перыяд склала 100,3 млн долараў. Для параўнання: па выніках сямі месяцаў 2022 года сальда было станоўчым — 3 млрд 49,4 млн.

Гл. таксама:

“Нашы грошы”: Беларусь стала шэрай зонай для паставак падсанкцыйных тавараўБелстат прыхарошвае сітуацыю ў эканоміцы, але да канца года стварыць пазітыўную карцінку будзе складана (на рускай мове)

Падзяліцца: