Мінск 01:23

ДзяржСМІ: За хабар затрыманы гендырэктар Бярозаўскага мясакансервавага камбіната

Уладзімір Жуковіч
Фота: скрыншот відэа АНТ

29 лістапада, Позірк. Па падазрэнні ў атрыманні хабару затрыманы генеральны дырэктар ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” (Брэсцкая вобласць) Уладзімір Жуковіч, паведамляе дзяржаўны тэлеканал АНТ.

Распачатая “яшчэ адна гучная справа па частцы дзелавой карупцыі”, адзначаецца ў тэлеэфіры.

Паведамляецца, што Жуковіч затрыманы “на пару з камерсантам”. У рэпартажы гаворыцца пра “канспіратыўныя сустрэчы” і “хітрыя схемы са сваякамі”. “Празмерны апетыт фігурантаў” з “замашкамі з 90‑х” забяспечыў ім “жыццё на шырокую нагу” і “плойму маёмасці”.

“Паважаныя людзі прымудраюцца штурхаць палымяныя прамовы аб недапушчальнасці крадзяжу і пры гэтым прызначаць сустрэчы для перадачы хабару”, — гаворыцца ў тэлеанонсе з адсылкай на поўны выклад гісторыі ў вячэрнім эфіры.

Жуковіч названы “мацёрым хабарнікам і карупцыянерам, які даўным-даўно паблытаў сваё з грамадскім”.

Пра затрыманне Жуковіча 14 лістапада паведаміла “Наша Ніва”. Паводле інфармацыі выдання, затрыманне звязанае з хабарам ад дылера прадукцыі завода і адбылося не ў рамках разгорнутай КДБ “малочнай справы”.

Бярозаўскі мясакансервавы камбінат — найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства па перапрацоўцы мяса. Яму падпарадкаваныя некалькі прадпрыемстваў у Брэсцкай вобласці, уключаючы Баранавіцкі мясакамбінат.

Гл. таксама:

На нарадзе ў Лукашэнкі абвешчана аб арышце 15 фігурантаў “справы малочнікаў” і саўдзеле “членаў урада”

Падзяліцца: