Мінск 11:29

ЕС назваў “справу Каардынацыйнай рады” “жаласным прыкладам рэпрэсій” ў Беларусі

Жазэп Барэль Фота: flickr.com

29 лістапада, Позірк. Еўрапейскі саюз асудзіў “напады на прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл і членаў іх сем’яў” і назваў новую “справу Каардынацыйнай рады” “яшчэ адным жаласным прыкладам рэпрэсій і злоўжыванняў уладай з боку Лукашэнкі і ягонага рэжыму”. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 29 лістапада заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля.

“У аўторак улады ў Мінску развязалі новую хвалю пераследаў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. Атакі накіраваныя на запалохванне і ліквідацыю патэнцыйных палітычных апанентаў, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў у лютым наступнага года”, — адзначаецца ў заяве.

Паводле слоў Барэля, ЕС працягне “падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь” і гатовы распачаць “далейшыя дзеянні ў адказ на сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца”.

“Мы заклікаем рэжым устрымацца ад любых далейшых рэпрэсій і гвалту, накіраваных супраць беларускага народа, і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных”, — заявіў прадстаўнік Еўрасаюза.

Беларускія грамадзяне, падкрэсліў Барэль, “заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна выбіраюць з дапамогай празрыстых, свабодных і справядлівых выбараў”.

28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, звязаных з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

Вядома, што ператрусы прайшлі ў намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага камітэта, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і супрацоўнікаў НАУ, эканаміста, аналітыка Сяргея Чалага, прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай, кіраўніка руху “За Свабоду” Юрыя Губарэвіча, былога кіраўніка арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча, праваабаронцы Рамана Кісляка, аднаго з прадстаўнікоў народных пасольстваў Беларусі і дэлегата КР ад арганізацыі “Беларусы замежжа” Міхаіла Таўбэ. Пра ператрус паведаміў у сацсетках таксама Сяргей Марцалеў, які 13 лістапада заявіў аб выхадзе са складу КР.

Следчы камітэт паведаміў, што па справе ў якасці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: