Мінск 23:13

Блінкен: Расследаванні БРЦ адыгралі вырашальную ролю ў арышце незаконных актываў расійскіх чыноўнікаў і алігархаў

Энтані Блінкен і Станіслаў Івашкевіч. Фота: скрыншот відэатрансляцыі цырымоніі ўзнагароджання

7 снежня, Позірк. Беларускі расследавальніцкі цэнтр “пралівае святло на тое, як Расія і Беларусь супрацоўнічаюць, спрабуючы абысці санкцыі, узбагаціць алігархаў і распаліць агрэсіўную вайну Масквы супраць Украіны”. Аб гэтым заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 7 снежня ў Вашынгтоне на цырымоніі ўручэння ўзнагарод прэміі “Чэмпіёны па барацьбе з карупцыяй”.

“Для [кіраўніка БРЦ] Станіслава Івашкевіча барацьба за падсправаздачнасць, празрыстасць, прастору для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ўжо даўно азначае барацьбу з краінай, якая супрацоўнічае з дыктатарам Беларусі, спрабуючы здушыць яго, — і гэта Расія”, — адзначыў Блінкен.

Паводле яго слоў, рэпартажы БРЦ адыгралі вырашальную ролю ў закрыцці шчылін у санкцыях, арышце незаконных актываў расійскіх чыноўнікаў і алігархаў.

“Як часта бывае, на ўзнагароджанні — імя толькі аднаго з нас, — цытуе выступленне Івашкевіча БРЦ. — Але гэта прызнанне заслуг абсалютна кожнага [члена каманды БРЦ]. Мы працуем не дзеля ўзнагарод, але гэта добрая інфападстава ўспомніць, што, робячы сваю справу дзень за днём, кожны з нас на сваім месцы ў БРЦ мяняе свет”.

У 2023 годзе, зазначаецца ў паведамленні цэнтра, БРЦ выпусціў каля 20 расследаванняў, дзе раскрыў карупцыйныя схемы, шляхі абыходу санкцый ЕС і ЗША, на якіх зарабляе сям’я Аляксандра Лукашэнкі і набліжаныя да яе. За 2023 год БРЦ раскрыў схем больш як на 3 млрд долараў.

Падзяліцца: