Мінск 03:14

Да міжнародных спаборніцтваў дапусцяць беларускіх коннікаў, не заўважаных у актыўнай падтрымцы вайны ва Украіне

Фота: Беларуская федэрацыя коннага спорту

22 снежня, Позірк. Для вяртання да спаборніцтваў Міжнароднай федэрацыі коннага спорту (FEI) беларускія і расійскія спартсмены, зарэгістраваны ў FEI дапаможны персанал, гаспадары коней і афіцыйныя асобы павінны прадэманстраваць адсутнасць актыўнай падтрымкі вайны ва Украіне, паведамляе сайт федэрацыі.

У іх таксама не мусіць быць кантрактаў з сілавымі структурамі Беларусі і РФ.

Пад актыўнай падтрымкай FEI разумее любую форму “вербальнага, невербальнага або пісьмовага выказвання” згоды з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, у тым ліку ў сацыяльных сетках, удзел у праваенных дэманстрацыях або мерапрыемствах, нашэнне любых сімвалаў, якія асацыююцца з ваеннымі дзеяннямі РФ, напрыклад, “Z”.

Пасля атрымання нейтральнага статусу спартсмены і дапаможны персанал будуць дапушчаныя толькі да індывідуальных, але не да камандных спаборніцтваў FEI.

Адзначаецца, што нейтральныя індывідуальныя спартсмены, персанал, афіцыйныя асобы не маюць права ўдзельнічаць у спаборніцтвах або прысутнічаць на іх у якасці прадстаўнікоў Беларусі ці РФ, нацыянальных федэрацый ці алімпійскіх камітэтаў гэтых краін. Звязаныя з імі флагі, эмблемы, іншыя ідэнтыфікатары нельга вывешваць ні ў адным з месцаў правядзення спаборніцтваў FEI. Тое ж датычыцца выканання беларускага і расійскага гімнаў.

Паводле інфармацыі FEI, прадстаўнікі Беларусі і РФ не возьмуць удзел у парыжскіх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях у 2024 годзе. На гульні можна было кваліфікавацца на падставе вынікаў спаборніцтваў FEI па канкуры, выездцы і конным трохбор’і, якія праходзілі на працягу ўсяго 2023 года, а беларускія і расійскія коннікі не ўдзельнічаюць у спаборніцтвах федэрацыі з 2 сакавіка 2022-га.

У каляндар FEI па-ранейшаму не можа быць уключана ніводнае мерапрыемства, арганізаванае ў Беларусі і РФ.

Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, падтрыманага афіцыйным Мінскам.

8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе.

У той жа час, згодна з рашэннем, чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя абедзвюх краін не будуць запрошаны або акрэдытаваны, роўна як і “каманды спартсменаў з беларускім або расійскім пашпартам”.

Пад забаронай застаюцца гімн, сцяг, адпаведная каляровая гама і хаця б якія іншыя сімвалы Беларусі і РФ.

Пры гэтым МАК падкрэсліў, што да ўдзелу ў АГ-2024 не будуць дапушчаныя “спартсмены і дапаможны персанал”, якія “актыўна падтрымліваюць” вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расійскімі або беларускімі вайсковымі арганізацыямі або органамі нацбяспекі.

Індывідуальныя спартсмены ў нейтральным статусе будуць запрошаныя МАК і міжнароднымі федэрацыямі па адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што “сярод 4.600 спартсменаў з усяго свету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсць толькі 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў (8 з расійскім і 3 з беларускім пашпартам)”.

11 снежня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі выступіў з заявай, у якой запатрабаваў тлумачэння умоў удзелу беларускіх спартсменаў у астатніх кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы з боку не толькі МАК, але і міжнародных федэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту.

Падзяліцца: