Мінск 18:04

У “спіс экстрэмістаў” унеслі яшчэ 13 чалавек

Экс-палітвязень Андрэй Іванюшын
Крыніца: база палітвязняў на сайце ПЦ "Вясна"

22 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 22 снежня ўнесла яшчэ 13 чалавек у пералік “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, цяпер у ім 3.641 прозвішча.

Сярод іх палітвязні — 40-гадовы прадпрымальнік Аляксей Цыпілеў, 50-гадовы Аляксандр Ганчароў, 64-гадовая Вольга Стаброўская, а таксама экс-палітвязень, 51-гадовы байкер Андрэй Іванюшын.

У лютым 2021 года Іванюшын быў асуджаны на 2,5 года зняволення паводле арт. 364 КК (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Выйшаў на волю 2 чэрвеня 2023 года, але 7 жніўня быў зноў затрыманы — на гэты раз у рамках справы паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мужчыну прыгаварылі да шасці месяцаў пазбаўлення волі. З улікам часу, праведзенага ў следчым ізалятары, ён прабыў у калоніі каля месяца і выйшаў на волю 6 снежня.

Цыпілеў быў затрыманы ў жніўні 2023 года ў пасёлку Высокае (Аршанскі раён Віцебскай вобласці). Яго прыгаварылі да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Мужчына выхоўвае дзяцей 3, 4 і 5 гадоў.

Ганчароў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за перавод грошай беларускаму палку імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Украіне.

Стаброўская, што мае інваліднасць 3-й групы па слыху, асуджана паводле арт. 368 КК на 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі.

Згодна з заканадаўствам, фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Цягам пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: