Мінск 11:30

Савіных назваў элементам “гібрыднай вайны” рэзалюцыю Еўрапарламента з патрабаваннем вызвалення Статкевіча

Фота: gp.by

26 снежня, Позірк. Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй Савіных заклікаў Еўрапейскі парламент “адмовіцца ад варожай рыторыкі і спыніць выкарыстанне метадаў гібрыднай вайны ў дачыненні да Беларусі”.

Такую заяву ён зрабіў, рэагуючы на прынятую Еўрапарламентам рэзалюцыю “Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў”, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты беларускага парламента.

Савіных заявіў, што рэзалюцыя “носіць ангажаваны і неаб’ектыўны характар”, а “абвінавачванні на адрас беларускіх уладаў надуманыя і контрпрадуктыўныя”.

“Дадзеныя дзеянні еўрапарламентарыяў сведчаць аб цвёрдым курсе на канфрантацыю і вядзенне агрэсіўнай інфармацыйнай вайны супраць Беларусі”, — сказаў дэпутат.

Паводле яго слоў, дакумент Еўрапарламента “не адносіцца да сферы палітыкі і існуючых прынцыпаў міжнародных адносін, а з’яўляецца элементам інфармацыйнай прапаганды”, у чым “няма нічога новага”, бо “беларускі бок ужо прывык да гэтых кагнітыўных дыверсій і нават выпрацаваў пэўны імунітэт”.

“Прымаючы падобныя рэзалюцыі, Еўрапарламент дэманструе свой глыбокі інтэлектуальны крызіс, татальна нівеліруючы аўтарытэт і міжнароднае значэнне дадзенага палітычнага інстытута”, — адзначыў Савіных.

У прынятай 14 снежня рэзалюцыі Еўрапарламент запатрабаваў “неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча і ўсіх 1.500 палітычных зняволеных”.

Парламентарыі заклікалі зняць з палітвязняў усе абвінавачванні, “забяспечыць іх поўную рэабілітацыю і фінансавую кампенсацыю за шкоду, прычыненую ў выніку пазбаўлення волі”.

У дакуменце падкрэсліваецца неабходнасць аказання палітвязням “адпаведнай медыцынскай дапамогі і прадастаўлення доступу да адвакатаў, сем’яў, дыпламатаў і міжнародных арганізацый”.

У прэамбуле рэзалюцыі адзначаецца, што яна прымаецца з улікам пагаршэння здароўя Статкевіча, адсутнасці інфармацыі пра яго і доступу адвакатаў і сям’і да яго на працягу больш чым 300 дзён. Апазіцыйны палітык, лаўрэат прэміі Сахарава асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі і ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры калоніі строгага рэжыму.

Звяртаецца ўвага на “падобныя выпадкі ізаляцыі такіх вядомых беларускіх палітвязняў, як Алесь Бяляцкі, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павел Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк, Анджэй Пачобут і Ігар Лосік”.

Гл. таксама:

Сённяшняя рэзалюцыя Еўрапарламента робіць асаблівы акцэнт на сітуацыі з палітвязнямі — Латушка

Савіных назваў “неабгрунтаванымі” спробы ПАСЕ ўскласці на Лукашэнку адказнасць за вываз украінскіх дзяцей

Падзяліцца: