Рэпрэсіі ў Беларусі не слабеюць, парушэнні правоў чалавека сістэмныя — праваабаронца Сапелка
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 30 снежня 2023 г.

27 снежня, Позірк. Рэпрэсіі ў Беларусі не слабеюць, парушэнні правоў чалавека з’яўляюцца сістэмнымі, заявіў “Позірку”, падсумоўваючы вынікі 2023 года, юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.
У канцы 2020 года “Вясне” было вядома аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да 650 чалавек у сувязі з іх грамадска-палітычнай дзейнасцю. У канцы 2021 года іх было 1.380, 2022-га — 3.800, на 20 лістапада 2023 года — 5.200.
Найбольш распаўсюджанымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса, паводле якіх грамадзяне зведваюць палітычны пераслед, з’яўляюцца: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх); 368 (абраза прэзідэнта); 369 (абраза прадстаўніка ўлады); 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
На канец снежня 2022 года ў Беларусі 1.455 чалавек было прызнана палітвязнямі, на 27 снежня 2023 года іх 1.474.
Каментуючы нязначнае павелічэнне колькасці палітвязняў, Сапелка зазначыў, што гэта звязана з паралельным працэсам вызвалення ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання. Новыя палітвязні, паводле яго слоў, фактычна прыходзяць на месца тых, хто выйшаў, колькасць рэпрэсаваных працягвае лінейна ўзрастаць.
У адыходзячым годзе прыцягвалі да адказнасці больш грамадзян на падставе “антыэкстрэмісцкага” заканадаўства, якое, канстатаваў субяседнік, “істотна пашырыла рэпрэсіўныя магчымасці ўладаў”.
Як пагаршэнне сітуацыі ў сферы заканадаўства праваабаронца расцэньвае пашырэнне магчымасці ўжывання смяротнага пакарання. У сакавіку набылі моц змены ў Крымінальны кодэкс: арт. 356 дазваляе прымяняць гэтую меру пакарання за “здраду дзяржаве”, учыненую службовай асобай.
Раней, у 2022 годзе, у КК з’явілася магчымасць прымянення пакарання смерцю за “замах на злачынствы”, звязаныя з падрыхтоўкай актаў тэрарызму. “На шчасце, палажэнні гэтых законаў не пачалі выкарыстоўвацца”, — сказаў Сапелка.
Ён адзначыў, што па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема жорсткага абыходжання і катаванняў у месцах пазбаўлення волі.
“Для 2023 года характэрна, што ўлады выкарыстоўваюць усе магчымасці, каб гэтыя факты ўтаіць, напрыклад, запалохваюць палітзняволеных і іх блізкіх. Барацьба за памяць аб 2020-м і наступных гадах — адзін са складальнікаў інфармацыйнай вайны з грамадзянскай супольнасцю. Беларускае кіраўніцтва актыўна эксплуатуе ідэю, што грамадзянскі мір у краіне адноўлены, няма ніякіх перадумоў для канфлікту паміж уладай і грамадствам. Таму ёй важная цішыня і адсутнасць інфармацыі аб новых фактах катаванняў”, — падкрэсліў Сапелка.
У той жа час, зазначыў ён, улада дзейнічае супярэчліва: з аднаго боку, у сваіх тэлеграм-каналах дэманструе брутальнае затрыманне людзей, каб падтрымліваць у грамадстве страх, а з другога, старанна хавае выканаўцаў гэтых злачынстваў.
Паводле слоў суразмоўцы, улада памыляецца, калі лічыць, што праваабаронцы толькі канстатуюць жорсткае абыходжанне і катаванні: “Мы прыкладаем сур’ёзныя намаганні для ўстанаўлення фактаў злачынстваў сілавікоў, іншых вінаватых у парушэнні правоў чалавека. Дэананімізацыя — складаны працэс, у 2020-м ён развіваўся стыхійна. Цяпер гэтая праца вядзецца сістэматычна, больш выбарачна і мэтанакіравана”.
Патэнцыял пошуку вінаватых ёсць, рэсурс, нягледзячы на рэпрэсіі, ёсць, падкрэсліў праваабаронца.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка