Мінск 17:20

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да Жываглод, Дабравольскага, Лібера і Марыніча (абноўлена)

Алена Жываглод Фота: "Еўрарадыё"

28 снежня, Позірк. Спецыяльная вытворчасць распачата Следчым камітэтам у дачыненні да апазіцыйных палітыкаў і актывістаў Алены Жываглод, Аляксандра Дабравольскага, Паўла Лібера і Паўла Марыніча 27 снежня, паведаміла прэс-служба ведамства.

Усіх чацвярых абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкаджэнне ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, або рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, або рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, учыненае групай асоб па папярэдняй змове або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).

СК паведамляе, што ім “неабходна з’явіцца па адрасе: г. Мінск, вул. Першамайская, 7”. Ведамства таксама заявіла, што пачатак спецвытворчасці ўзгоднены генпракурорам.

Жываглод — кіраўніца ініцыятывы “Сумленныя людзі”, віцэ-спікер Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

Дабравольскі з’яўляецца старэйшым палітычным дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, далучыўся да яе каманды ў 2020 годзе.

Лібер — стваральнік платформаў “Голас”, якая выкарыстоўвалася ў 2020 годзе для верыфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, і “Новая Беларусь”.

Марыніч — кіраўнік праекту “Маланка медыя”, заснавальнік платформы Zubr, якая ў 2020 годзе таксама збірала інфармацыю аб выбарах.

Усе яны знаходзяцца за мяжой.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: