Мінск 15:57

У Беларусі затрыманыя трое музыкаў гурта Nizkiz

Злева направа: Аляксандр Ільін, Дзмітрый Халяўкін, Сяргей Кульша
Крыніца: скрыншоты сюжэту "Беларусь 4 Магілёў" / калаж "Позірку"

6 студзеня, Позірк. Трое музыкаў гурта Nizkiz — вакаліст Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і ўдарнік Дзмітрый Халяўкін — затрыманыя ў Беларусі, вынікае з сюжэту рэгіянальнага тэлеканала “Беларусь 4 Магілёў”.

Няма інфармацыі пра чацвёртага ўдзельніка калектыву — гітарыста Леаніда Несцярука.

У сюжэце сцвярджаецца, што “музыкі пасля падзей 2020 года пакінулі Беларусь і вось вырашылі вярнуцца” (паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны жылі ў краіне, перыядычна выязджаючы на гастролі). Пры гэтым што канкрэтна ставіцца ў віну затрыманым, невядома.

Прадэманстраваны ў эфіры відэазапіс сведчыць, што музыкі былі затрыманыя ў сваіх дамах узброенымі сілавікамі. Пры гэтым прадстаўнікі рэжыму паспрабавалі выставіць іх у непрывабным святле, акцэнтаваўшы ўвагу на хатнім знешнім выглядзе і непрыбраным жытле.

Затрыманыя былі вымушаныя “раскайвацца” на камеру. На карысць прымусовага характару гэтай працэдуры сведчыць аднолькавасць і штучнасць фраз мужчын, запісаных асобна адзін ад аднаго.

Ільін на відэазапісе заяўляе: “У 2020 годзе нашу папулярнасць вырашылі выкарыстаць. Нам прапанавалі зняць кліп на акцыях пратэсту ў Мінску”. Пазней практычна ідэнтычную фразу прамаўляе Халяўкін: “У 2020 годзе нашай папулярнасцю вырашылі скарыстацца і прапанавалі нам зняць кліп на адной з акцый пратэсту”.

“На хвалі эмоцый, інфармацыйнага шуму мы пагадзіліся, — сказаў Ільін. — На нас звярнула ўвагу апазіцыя, якая недзе годзе ў 2018-м праводзіла канцэрт у Мінску, прысвечаны 100-годдзю БНР, і запрасіла нас як аднаго з удзельнікаў. Далей нас запрашалі на нейкія музычныя здымкі перадач на польскім тэлеканале “Белсат”. Гэты ж канал запісваў нейкія нашыя выступы. <…> Зараз я разумею, што мэтай тых, хто кіраваў пратэстамі ў Беларусі, было нацкаваць людзей адзін на аднаго, пасеяць варажнечу, стварыць карцінку ў інтэрнэце. Але за тое, што ў гэта нас уцягнулі, адказваць давядзецца менавіта нам”.

“Цяпер мы разумеем, што намі проста маніпулявалі. На той момант мы хацелі проста хайпануць. Калі б зараз можна было адкруціць усё назад, то я нават не глядзеў бы ў той бок. Шчыра раскайваюся ў зробленым”, — адзначыў Халяўкін.

Мяркуючы па сюжэце, ад Кульшы прапагандзе і сілавікам удалося дабіцца ўсяго некалькіх фраз. У прыватнасці ён сказаў: “Мы знялі кліп на песню, якая першапачаткова мела зусім іншы сэнс”.

Індзі-рок-гурт Nizkiz заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Да гэтага часу выпусціў пяць студыйных альбомаў. Уладальнік шэрагу музычных узнагарод, сярод іншага калектыў адзначаны прэміяй “Радыё АНТ” за 2012 год у намінацыі “Дэбют года”.

Музыкаў рагачоўскага гурту Tor Band прыгаварылі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 7,5 да 9 гадоў

31 кастрычніка, Позірк. Гомельскі абласны суд 31 кастрычніка прыгаварыў музыкаў рагачоўскай групы Tor Band да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму: Дзмітрыя Галавача — да 9 гадоў, Яўгена Бурло — да 8, Андрэя Ярэмчыка — да 7,5, паведамляе …
Падзяліцца: