Мінск 22:28

Праваабаронцы заклікалі Генпракуратуру і СК адкрыць справу па факце смерці палітвязня Храсько

Крыніца: сайт праваабарончага цэнтра "Вясна"

17 студзеня, Позірк. З заклікам узбудзіць крымінальную справу па факце смерці Вадзіма Храсько, правесці “аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне” для высвятлення прычын трагедыі і пасля праінфармаваць грамадскасць звярнуліся 17 студзеня да Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці.

“Цалкам відавочна, што чарговая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі за такі кароткі час праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі з’яўляецца следствам дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах”, — адзначаецца ў сумеснай заяве праваабаронцаў.

Аўтары дакумента падкрэслілі, што “адбыванне пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай медыцынскай дапамогі”.

На іх думку, сітуацыя “пагаршаецца практыкай адвольнага зняволення: акрамя агульнага ігнаравання меркаванняў неабходнасці і суразмернасці пры вынясенні выракаў, суддзі часта не прымаюць да ўвагі стан здароўя абвінавачаных, прызначаючы сур’ёзныя санкцыі, звязаныя з пазбаўленнем волі, за “злачынствы”, якія па сутнасці ўяўляюць сабой рэалізацыю правоў чалавека”.

Паводле даных праваабаронцаў на пачатак 2024 года, сярод палітвязняў было не менш як 48 пенсіянераў (удвая больш, чым у 2022 годзе), а таксама мінімум 42 чалавекі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. “Самую сталую з іх — 75-гадовую Наталлю Таран — асудзілі на 3,5 гады калоніі за абразы. Яна дагэтуль не выйшла на волю”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што неаказанне медыцынскай дапамогі часта выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітвязняў, “што з’яўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаванні ці іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або прыніжаючага годнасць абыходжання і пакарання”.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці падкрэслілі важнасць “забеспячэння права чалавека на жыццё і здароўе” і запатрабавалі “праінфармаваць грамадскасць пра вынікі расследавання смерцяў” іншых вязняў — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна.

Праваабаронцы таксама заклікалі суддзяў пры прызначэнні пакарання “ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі таго патрабуюць абставіны”.

“Названыя патрабаванні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці пра недапушчальнасць пераследу грамадзян за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных спраў усіх палітвязняў у Беларусі”, — падкрэслена ў заяве.

Дакумент падпісалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Прававая ініцыятыва”, Human Constanta, Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Lawtrend.

50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько памёр ад пнеўманіі ў ноч на 9 студзеня. Паводле праваабаронцаў, з віцебскай калоніі № 3 мужчыну даставілі ў бальніцу тады, “калі яго ўжо нельга было выратаваць”. Паведамлялася, што палітвязень “вельмі хварэў у зняволенні”.

Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года паводле арт. 3612 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), падставай для пераследу сталі “некалькі данатаў”. Да суда быў у сталічным следчым ізалятары № 1.

4 жніўня таго ж года Мінскі гарадскі суд (суддзя Сяргей Хрыпач) прыгаварыў мужчыну да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, хаця ў таго “было сур’ёзнае захворванне”. 13 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў вырак без змен. 3 лістапада Храсько быў унесены ў “спіс экстрэмістаў”. У віцебскай калоніі палітвязень прабыў каля двух месяцаў.

Храсько пахавалі 12 студзеня ў Мінску.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо чацвёртая смерць у зняволенні асуджанага з палітычных матываў.

Падзяліцца: