Мінск 14:22

CPJ заступіўся за затрыманых беларускіх журналістаў і звярнуўся ў СК

19 студзеня, Позірк. Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікае ўлады Беларусі зняць усе абвінавачанні з былога журналіста Аляксандра Зянкова, раскрыць сутнасць абвінавачанняў супраць блогера Алеся Сабалеўскага і прычыну нядаўняга затрымання былога аператара Яўгена Глушкова, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

“Затрыманні журналістаў Яўгена Глушкова, Алеся Сабалеўскага і Аляксандра Зянкова — яшчэ адзін прыклад нястомных пераследаў прадстаўнікоў прэсы з боку беларускіх уладаў, — заявіла каардынатар праграмы CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.

Яна падкрэсліла, што ўлады павінны забяспечыць умовы ў Беларусі, “каб прадстаўнікі прэсы не траплялі ў турму за сваю працу”.

CPJ звярнуўся па каментарыі ў Следчы камітэт, але не атрымаў адказу.

Арганізацыя зазначае, што Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў.

У дачыненні да прызнанага палітвязнем магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага ўзбуджаная справа паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары турмы № 4 Магілёва. Сабалеўскага затрымалі 12 снежня, ён не выйшаў на волю пасля двух адміністрацыйных арыштаў.

Былы магілёўскі журналіст і відэааператар Яўген Глушкоў “затрыманы 4 ці 5 студзеня” і зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Справу былога фотажурналіста і відэааператара Аляксандра Зянкова пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе 12 студзеня. Яго вінавацяць па ч. 3 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Журналіст, які пражываў у Барысаве (Мінская вобласць), супрацоўнічаў з недзяржаўнымі СМІ, у тым ліку з мясцовым сайтам ex-Press.by (цяпер ex-press.live), кантэнт якога двойчы прызнаваўся “экстрэмісцкімі матэрыяламі” (у кастрычніку 2021 года і лютым 2023-га. га). Рэдакцыя сайта была прылічаная да “экстрэмісцкіх фармаванняў” (у лістападзе 2023-га).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зняволенні знаходзяцца 34 супрацоўнікі беларускіх СМІ.

Падзяліцца: