Мінск 06:08

Па ўзроўні інфляцыі за апошнія 15 гадоў Беларусь заняла першае месца сярод суседзяў і на тэрыторыі былога СССР

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 30 студзеня 2024 года

Фото: pixabay.com

29 студзеня, Позірк. Па ўзроўні інфляцыі за апошнія 15 гадоў (2009—2023) Беларусь заняла першае месца сярод краін-суседзяў і на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных нацыянальных статыстычных службаў.

За гэты перыяд спажывецкія кошты ў Беларусі выраслі ў 8,41 раза супраць 5,16 раза ва Украіне, 2,85 раза ў Расіі, 1,68 раза ў Літве і Польшчы, 1,53 раза ў Латвіі.

Ва Узбекістане кошты за 15 гадоў павялічыліся ў 3,77 раза, у Казахстане — у 3,31, Малдове — у 2,82, Кыргызстане і Таджыкістане — у 2,58, Азербайджане — у 2,22, Грузіі — у 1,91, Арменіі — у 1,74, Эстоніі — у 1,70.

Па Туркменістане ў адкрытым доступе ёсць звесткі толькі за перыяд са студзеня 2009-га па верасень 2018 года (рост коштаў у 1,72 раза). З улікам ацэнак інфляцыі, які даваў Азіяцкі банк развіцця на 2019—2023 гады, рост цэн у Туркменістане адстаў ад росту цэн у Беларусі.

Рэкорды гадавой інфляцыі за апошнія 15 гадоў (снежань да снежня): Беларусь — 108,68% (2011), Украіна — 43,3% (2015), Малдова — 30,24% (2022), Літва — 21,7% (2022), Латвія — 20,8% (2022), Казахстан — 20,3% (2022), Кыргызстан — 19,2% (2010), Эстонія — 17,6% (2022), Польшча — 16,6% (2022), Азербайджан — 15,7% (2016), Узбекістан — 15,2% (2019), Грузія — 13,9% (2021), Расія — 12,9% (2015), Таджыкістан — 9,8% (2010), Арменія — 9,4% (2010).

Падзяліцца: