Мінск 03:53

Базу “дармаедаў” будуць папаўняць з дапамогай звестак РФ — пастанова ўрада

Фота: "Мінская праўда"

31 студзеня, Позірк. “Парадак аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы” зменены пастановай Савета міністраў ад 25 студзеня 2024 года. Дакумент апублікаваны 31 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сярод навацый — атрыманне і выкарыстанне даных РФ для кантролю перасоўванняў працаздольных грамадзян.

“Міністэрства ўнутраных спраў на падставе інфармацыі, прадстаўленай Міністэрствам унутраных спраў Расійскай Федэрацыі, штомесяц <…> перадае ў Дзяржаўны памежны камітэт інфармацыю аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, якія выехалі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і заехалі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі праз пункты пропуску дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў новай рэдакцыі дакумента.

Згодна з пастановай Саўміна, Дзяржпагранкамітэт штоквартальна будзе падаваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны “звесткі аб грамадзянах ва ўзросце ад 18 гадоў да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, якія выехалі за межы Рэспублікі Беларусь, а таксама з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і адсутных сумарна 30 і больш каляндарных дзён у квартале, за які фармуецца база звестак”.

Акрамя гэтага, МУС абавязваецца адзін раз у квартал перадаваць у Мінпрацы і сацабароны інфармацыю пра людзей, якія “аформілі выезд для пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь”, “знаходзяцца на міграцыйным уліку ў Расійскай Федэрацыі, на падставе інфармацыі, прадстаўленай МУС РФ”.

Адсутнасць у Беларусі звыш устаноўленых тэрмінаў з’яўляецца падставай для ўключэння ў пералік асоб, не занятых у эканоміцы (так званую базу “дармаедаў”).

Адна са змен, прынятых Саўмінам, датычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў — ІП будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы пры ўмове выплаты падаходнага або адзінага падатку з атрыманых даходаў.

Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам у 2015 годзе. У 2017-м, калі адпаведныя катэгорыі грамадзян (“дармаеды”) сталі атрымліваць з дзяржорганаў “лісты шчасця” з патрабаваннем “кампенсацыі дзяржаўных выдаткаў”, у многіх гарадах пачаліся масавыя пратэсты — “маршы недармаедаў”. У выніку “дармаедскі закон” быў адпраўлены на дапрацоўку.

У студзені 2018 года Лукашэнкам быў падпісаны дэкрэт №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”, які адкарэктаваў дэкрэт №3. У базу “дармаедаў” тады ўнеслі каля паўмільёна чалавек.

Пачынаючы з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць частку камунальных паслуг у поўным аб’ёме.

Пасля жніўня 2020 года з Беларусі, баючыся рэпрэсій, выехалі дзясяткі тысяч чалавек. Таксама ў апошнія гады колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца на дзясяткі тысяч чалавек штогод. За 2023 год эканоміка страціла 49,5 тыс. работнікаў.

Падзяліцца: