Мінск 09:49

Урад канчаткова абнуліў экспартныя пошліны на нафтапрадукты

Крыніца: freepik.com/atlascompany

2 лютага, Позірк. Экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, 1 лютага канчаткова абнулены. Адпаведная пастанова Савета міністраў Беларусі № 73 ад 31 студзеня апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 2 лютага.

Ад пачатку года перасталі спаганяцца пошліны на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіну, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года — 24,7 долара за тону), прамагоннага бензіну (13,5), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4).

Цяпер абнулены астатнія экспартныя пошліны — на звадкаваныя вуглевадародныя газы (у студзені 2024 года стаўка была на ўзроўні 1,6 долара за т, снежні 2023-га — 4,7), а таксама этан, бутан і ізабутан (1,4; 4,2).

Да снежня мінулага года ўрад чатыры месяцы запар падвышаў стаўкі пошлін. За той пэрыяд яны павялічыліся ў сярэднім на 69%.

Мінімальныя стаўкі ў 2023 годзе дзейнічалі ў лютым. Снежаньскія былі вышэйшыя за мінімальныя ў 1,9 раза, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстычных даных.

Стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія пошліны роўныя расійскім (Міністэрства эканамічнага развіцця РФ паведаміла пра канчатковае абнуленне экспартных пошлін на нафтапрадукты 25 студзеня).

Падзяліцца: