Мінск 02:52

Былы кіраўнік украінскай дыпмісіі ў Мінску Кізім прызначаны амбасадарам па асобых даручэннях па Беларусі

Фота: сацсеткі Ігара Кізіма

3 лютага, Позірк. Былы ўкраінскі амбасадар у Мінску Ігар Кізім прызначаны амбасадарам па асобых даручэннях па Беларусі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

“Апошнім часам з’явілася шмат паведамленняў у медыясетках аб маім новым прызначэнні, якія тычацца, у прыватнасці, стасункаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Жадаў бы ўнесці яснасць па гэтым пытанні. Рашэннем міністра замежных спраў я прызначаны амбасадарам па асобых даручэннях па Беларусі. Відавочна, што цяпер любое пытанне, якое датычыцца Беларусі, мае “асобы” характар. Зыходзячы з гэтага, у пералік маіх абавязкаў сярод іншага ўваходзяць пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткай беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасці падтрымкі расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны”, — напісаў Кізім.

Ён выказаў спадзяванне, што яго досвед працы амбасадарам Украіны ў Беларусі будзе дарэчы.

Аб хуткім прызначэнні Кізіма 29 студзеня паведаміў тэлеграм-канал “Парламенцкі канал”, звязаны з дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам. “За ўвядзенне пасады спецпрадстаўніка па Беларусі выступалі многія беларускія і ўкраінскія палітыкі, у тым ліку група экспертаў ад Форума братоў Астрожскіх, якая звярталася з такой прапановай да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага”, — адзначалася ў паведамленні.

Кізім быў прызначаны амбасадарам у Беларусі 16 лютага 2017 года ўказам прэзідэнта Украіны, якім у той час быў Пётр Парашэнка. Дыпламат заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком т. зв. “Данецкай Народнай Рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь не вярнуўся. 22 чэрвеня дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Раней сваіх спецыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыў шэраг краін, сярод якіх Швецыя (Крысціна Юханэсан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Каплімаа). У 2021—2022 гадах спецпрадстаўніком ЗША была Джулі Фішар. Яна была прызначаная амбасадарам у 2020 годзе, але так і не трапіла ў Мінск з-за пазіцыі беларускіх уладаў, якія былі незадаволеныя узмацненнем амерыканскіх санкцый пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і адклікалі згоду на яе прызначэнне. Новы спецпрадстаўнік ЗША пакуль не прызначаны.

Падпісчыкам “Позірк+” даступны каментар галоўнага дарадцы беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі

Падзяліцца: