Мінск 07:04

Згодна з кадравым рэестрам, старшыня УНС з’яўляецца найвышэйшай дзяржпасадай у Беларусі

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

7 лютага, Позірк. Да найвышэйшых дзяржаўных пасад аднесеная сярод іншых пазіцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу (УНС), вынікае з адпаведнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 46 ад 5 лютага.

Дакумент апублікаваны 7 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Найвышэйшымі дзяржаўнымі пасадамі таксама з’яўляюцца: прэм’ер-міністр, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыні Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага суда, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, старшыня Камітэта дзяржкантролю, генеральны пракурор, старшыня праўлення Нацбанка, кіраўнік Упраўлення справамі Лукашэнкі.

Дакументам таксама зацверджаны кадравы рэестр самога Лукашэнкі, куды ўключаныя “дзяржаўныя пасады кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іх намеснікаў, іншыя кіруючыя пасады ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях”, пасады кіраўнікоў арганізацый, падпарадкаваных Саўміну, пасады кіраўнікоў найважнейшых СМІ, кіраўнікоў дзяржарганізацый і гаспадарчых таварыстваў, больш за 50% акцый (доляў у статутных фондах) якіх знаходзіцца ў дзяржуласнасці, пасады кіраўнікоў дзяржустаноў вышэйшай адукацыі.

Указам вызначаны кадравыя рэестры Саўміна, а таксама дзяржорганаў, “падпарадкаваных прэзідэнту”.

Пасада прэзідэнта ў кадравым рэестры запісаная асобна пад № 1.

“Такім чынам, створана адзіная сістэма ўліку кіруючых пасад усіх узроўняў дзяржаўнага кіравання, накіраваная на гарманізацыю падыходаў да фармавання кадравых рэестраў у дзяржаўных органах і выбудоўванне больш зладжанай працы з кіруючымі кадрамі”, — гаворылася ў каментары прэс-службы Лукашэнкі з нагоды падпісання ўказа.

Згодна з абноўленай рэдакцыяй Канстытуцыі, УНС з’яўляецца “вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”. Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1.200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС павінны праводзіцца не радзей аднаго разу ў год.

УНС будзе зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўваць штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, яно зможа прапаноўваць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў і інш.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання, скапіяваны з Расіі, прызначаны на 25 лютага. Першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу (існуе з 1996 года) у новым статусе павінна адбыцца на працягу 60 дзён пасля яго. Вылучэнне кандыдатаў у УНС пройдзе з 12 па 31 сакавіка.

Шэраг экспертаў прагназуе, што пасаду кіраўніка УНС зойме Лукашэнка.

Падзяліцца: