Мінск 19:53

Пасол Кізім назваў героямі добраахвотнікаў палка Каліноўскага — ПКК

Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

8 лютага, Позірк. Бачанне “адзінай стратэгіі Украіны па ўзаемадзеянні з беларускімі дэмакратычнымі сіламі” абмяркоўвалася на сустрэчы 7 лютага прадстаўнікоў палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) з паслом украінскага МЗС па асобых даручэннях па Беларусі Ігарам Кізімам.

“Я лічу вас героямі і стаўлюся да беларускіх добраахвотнікаў з вялікай павагай”, — цытуе Кізіма прэс-служба палка.

Адзначаецца, што на сустрэчы абмяркоўвалася месца ПКК у структуры дэмакратычных сіл.

“Беларускія незалежныя арганізацыі сёння аб’ядналіся вакол некалькіх цэнтраў — Вільнюс, Варшава і Кіеў. У гэтым сэнсе полк Каліноўскага нароўні з дэмакратычнымі аб’яднаннямі уяўляе сабой трэці цэнтр сілы. Удзельнікі пагадзіліся, што полк можа і ведае, як адыграць важную ролю ў працэсе дэмакратызацыі Беларусі: палітычныя задачы вырашаць лягчэй, калі за спінай стаіць вайсковая падтрымка”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Таксама “ўздымалася пытанне цеснай інтэграцыі Беларусі і Расіі”. “Аб’яднанне дзвюх краін у тым выглядзе, як яно ёсць цяпер, стала прадметам асаблівай дыскусіі: дзе тая грань, калі заканчваецца інтэграцыя і пачынаецца страта незалежнасці і поўны аншлюс краіны?” — паведамляецца па выніках сустрэчы.

Аб прызначэнні амбасадарам па асаблівых даручэннях па Беларусі былы ўкраінскі амбасадар у Мінску Ігар Кізім паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 3 лютага.

Кізім быў прызначаны на папярэднюю пасаду амбасадара 16 лютага 2017 года ўказам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнка. Дыпламат заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком т. зв. “данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь не вярнуўся. 22 чэрвеня дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Падзяліцца: