Мінск 06:52

Кіраўнік беларускай федэрацыі хакея: Нашы каманды не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў праз боязь канкурэнцыі

Крыніца: iihf.com

13 лютага, Позірк. Міжнародная федэрацыі хакея (IIHF) дзейнічае “несамастойна” пры прыняцці рашэнняў па допуску беларускіх і расійскіх каманд да спаборніцтваў пад сваёй эгідай, заявіў 13 лютага старшыня Федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ) былы вясляр Аляксандр Багдановіч.

Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, IIHF тым самым “распісваецца ў сваёй поўнай галаслоўнасці”.

“Многія федэрацыі дапускаюць нашых спартсменаў, тыя паспяхова прадстаўляюць нашыя краіны на міжнароднай арэне, ствараюць здаровую спартыўную канкурэнцыю. Але, мабыць, камусьці ў Савеце IIHF такая канкурэнцыя не патрэбна, бо інакш шанцы іх краін на медалі былі б вельмі сумніўныя”, — сказаў кіраўнік ФХБ.

Функцыянер паведаміў, што сутыкаўся з падобным стаўленнем падчас сваёй прафесійнай спартыўнай кар’еры, “калі камусьці з чыноўнікаў з зусім надуманых прычын уздумалася адхіліць мяне ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях”.

“Тады разбурыліся ўсе мары, бо Алімпіяда — галоўная мэта любога прафесійнага атлета. Прайшоў час, усе абвінавачванні былі знятыя, але ніякіх выбачэнняў так і не паступіла. Засмучае, што людзі, якія сядзяць у спартыўных кабінетах, так лёгка распараджаюцца лёсамі цэлых каманд, якія на працягу многіх гадоў выбудоўваюць свой шлях да запаветнага п’едэстала”, — падсумаваў Багдановіч.

Гаворачы аб уласным вопыце, кіраўнік ФХБ мае на ўвазе інцыдэнт 2016 года, калі мужчынскую зборную Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ дыскваліфікавалі з-за падазрэння ва ўжыванні допінгу. Праз гэта каманда прапусціла Алімпійскія гульні. У 2017 годзе Спартыўны арбітражны суд у Лазане адмяніў дыскваліфікацыю, вырашыўшы, што няма “дастатковых доказаў” парушэння антыдопінгавых правілаў.

12 лютага Савет IIHF прыняў рашэнне не ўключаць Беларусь і РФ у сезон чэмпіянату свету па хакеі 2024–2025 гадоў.

Адзначаецца, што “вяртанне зборных Беларусі і Расіі ў спаборніцтвы пакуль небяспечна”. Гэтае рашэнне закране і зборную Беларусі ў дачыненні да фінальнага алімпійскага кваліфікацыйнага раўнда, які пройдзе ў жніўні 2024 года.

Такім чынам, забарона на ўдзел у спаборніцтвах падоўжаная да траўня 2025 года.

Раней паведамлялася, што зборныя Украіны і Беларусі маглі сустрэцца ў турніры, на якім будзе разыгрывацца пуцёўка на Алімпійскія гульні 2026 года.

Украінская зборная выйшла ў фінальны раўнд кваліфікацыі, перамогшы на кваліфікацыйным турніры, які прайшоў у Польшчы. Такім чынам, яна трапіла ў групу D, у якой знаходзяцца Славакія, Казахстан і Беларусь.

Пра тое, што зборныя Беларусі і Расіі ўключаны IIHF у лік патэнцыйных удзельнікаў АГ-2026, стала вядома 31 кастрычніка 2023 года. Тады паведамлялася, што гэтае пытанне будзе разгледжанае ў сакавіку 2024 года.

З-за поўнамаштабнай вайны ва Украіне, якую Расія пачала ў тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, хакейныя зборныя дзвюх краін не былі дапушчаныя да чэмпіянату свету 2022 года ў Фінляндыі. 27 мая таго ж года IIHF забараніла беларусам і расіянам удзельнічаць у першынстве свету 2023 года.

У апошні раз зборныя Беларусі і РФ краін удзельнічалі ў ЧС-2021. Беларусы занялі перадапошняе 15-е месца, расіяне — 5-е.

Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць 6–22 лютага 2026 года ў італьянскіх Мілане і Корціна-д’Ампеца.

Падзяліцца: