Мінск 01:52

У дзень абвяшчэння прысуду па “справе ByPol” Лукашэнка заахвоціў суддзю Кучук пераводам у Вярхоўны суд

Дзіна Кучук
Крыніца: праект "Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы"

17 лютага, Позірк. Указам Аляксандра Лукашэнкі № 52 ад 15 лютага Дзіна Кучук прызначана суддзёй Вярхоўнага суда. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 17 лютага.

Адметна, што ў дзень павышэння Кучук — яшчэ на пасадзе суддзі Мінскага гарадскога суда — вынесла рашэнне па палітычна матываванай крымінальнай справе ў дачыненні да заснавальнікаў, прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў аб’яднання былых сілавікоў ByPol. Яна завочна прыгаварыла Аляксандра Азарава да 25 гадоў пазбаўлення волі, Мацвея Купрэйчыка, Уладзіміра Жыгара, Ігара Лобана і Алега Талерчыка — да 12, Андрэя Астаповіча — да 11.

Кучук вынесла шэраг прыгавораў палітвязням: экспертам Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай, навукоўцу Юрыю Адамаву, фігуранту “справы фонду “Краіна для жыцця” Антону Сташэўскаму, інш.

Апрача Кучук Лукашэнка прызначыў (або даручыў перазаключыць з імі кантракты) 37 суддзяў раённага, гарадскога і абласнога ўзроўню. Праведзены “Позіркам” аналіз даных праваабарончых арганізацый сведчыць, што не менш як 15 з іх прымалі рашэнні па палітычна матываваных справах, пераважна адміністрацыйных.

Згодна з указам, восем суддзяў вызваленыя ад пасад, у тым ліку сем — у сувязі з выхадам у адстаўку, адзін — праз уласнае жаданне. Рашэнні па справах з палітычнай афарбоўкай выносілі сама меней трое.

Сярод іх выбіваецца Мікалай Кміта з суда Баранавіцкага раёна і Баранавічаў (Брэсцкая вобласць). З лета 2020 года ён вынес не менш як 78 рашэнняў па адміністрацыйных (“парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”, “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”) і крымінальных справах (“абраза” і “паклёп” на чыноўнікаў, у тым ліку на Аляксандра Лукашэнку, “гвалт або пагрозы прымянення гвалту”, “апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці” ды інш.).

Звяртае на сябе ўвагу сыход праз уласнае жаданне Валерыя Цыбульскага з суда Фрунзенскага раёна Мінска (да гэтага быў старшынёй суда Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці). За ім цягнецца пяць рашэнняў, у тым ліку адзін прыгавор па крымінальнай справе — у дачыненні да настаўніка англійскай мовы Вячаслава Караткевіча. Цыбульскі прызнаў яго вінаватым паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і прыгаварыў да 1,5 года пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызнавалі Караткевіча палітвязнем, мужчына выйшаў на волю ў снежні 2022 года.

Падзяліцца: