Мінск 10:09

Алейнік абмеркаваў з Додзікам пытанні рэгіянальнай бяспекі

Міларад Додзік
Фота: БелТА

18 лютага, Позірк. Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік абмеркаваў 18 лютага з прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Міларадам Додзікам “міжнародны парадак дня, у тым ліку пытанні рэгіянальнай бяспекі”, паведаміў тэлеграм-канал знешнепалітычнага ведамства “Глас МИДа”.

Акрамя гэтага, на сустрэчы ўзнімаліся пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Рэспублікай Сербскай “у розных сферах, уключаючы прамысловасць, ахову здароўя, адукацыю і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва”.

Додзік знаходзіцца з візітам у Мінску, дзяржСМІ анансавалі яго сустрэчу 19 лютага з Аляксандрам Лукашэнкам.

18 лютага Додзік наведаў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Там ён сустрэўся з кіраўніком Міністэрства аховы здароўя Аляксандрам Хаджаевым, старшынём камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігарам Юркевічам, а таксама дырэктарам установы Алегам Румо.

Таксама Додзік наведаў прадпрыемства “Белкамунмаш”, дзе заявіў пра зацікаўленасць у беларускай пасажырскай і сельгастэхніцы.

“Я хацеў бы ажыццявіць праект закупкі вашых аўтобусаў для нашых гарадоў, якія будуць прызначаныя для вучняў, студэнтаў і пацыентаў бальніц, — цытуюць палітыка дзяржСМІ. — Ім выдадуць спецыяльныя карткі для карыстання гэтым транспартам. Акрамя таго, мы гатовыя набыць сельскагаспадарчы транспарт. Якасць вашай прадукцыі нам добра вядомая яшчэ з часоў былой Югаславіі. Нават у майго бацькі быў трактар беларускай вытворчасці. І я веру, што вашай тэхнікі ў нас будзе больш. Акрамя таго, ваша тэхніка прысутнічае і ў галіне кар’ернага вытворчасці”.

У Беларусь з Додзікам прыбылі міністры навукова-тэхнічнага развіцця і вышэйшай адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, сельскай, лясной і воднай гаспадаркі Рэспублікі Сербскай.

16 лютага Додзік у Маскве прымаў удзел у форуме партыі “Адзіная Расія” “За свабоду нацый!”. У сваім выступе, паведаміла прэс-служба партыі, ён заявіў, што РФ “была вымушаная правесці ваенную аперацыю і абараняць свой суверэнітэт, у адказ заходнія краіны ўводзяць пастаянныя санкцыі — гэта яшчэ адзін від каланіяльнай экспансіі”.

Візіт у Мінск Додзік анансаваў у снежні 2023 года.

“Я хутка да вас прыеду, — сказаў ён. — Я ўжо быў у Беларусі і зачараваны вашай краінай. Беражыце свайго прэзідэнта і сваю свабоду, свой суверэнітэт. Калі вы гэта страціце, то страціце сябе. А беларускі народ — гэта свабодны народ, і за гэта варта плаціць. Свабода важней за ўсё. Беларусь, Расія, Рэспубліка Сербская — міру нам усім”.

64-гадовы Додзік стаў прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай па выніках выбараў 2022 года. Займаў гэтую пасаду ў 2010–2018 гадах.

Палітык не хавае сімпатый да Расіі. “Додзік ужо адкрыта пазіцыянуе сябе як агента ўплыву Пуціна ў балканскім рэгіёне і падключыўся да геапалітычнай сутычкі, якая ў дадзены момант скалынае Еўропу. У гэтым ён шмат у чым перасягнуў прэзідэнта Сербіі Вучыча, які ўсяляк імкнецца не ўступаць у канфлікт з ЗША, ЕС і НАТА. Додзік займае галоўныя функцыі ў Рэспубліцы Сербскай з 2006 года. Яго рэжым часта звязваюць з неабмежаванай карупцыяй”, — пісала ў 2022 годзе расійская “Новая газета”.

У снежні 2023 года ў Сараеве пачаўся судовы працэс супраць Додзіка, якога абвінавачваюць у ігнараванні рашэнняў Канстытуцыйнага суда Босніі і Герцагавіны і высокага прадстаўніка сусветнай супольнасці, які выконвае ў краіне функцыі вонкавага кіраўніка. Яму пагражае да 5 гадоў зняволення і забарона займацца палітыкай. У аснове справы — блякаваньне цэнтральнымі ўладамі БіГ і высокім прадстаўніком планаў Рэспублікі Сербскай перавесці ў сваю ўласнасць усю нерухомую маёмасць, якая знаходзіцца на яе тэрыторыі.

У выпадку абвінаваўчага прысуду Додзік паабяцаў абвясціць незалежнасць Рэспублікі Сербскай ад БіГ.

Рэспубліка Сербская — аўтаномія ў складзе Босніі і Герцагавіны. Створаная ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава, стала складовай часткай БіГ па выніках Дэйтанскіх пагадненняў 1995 года.

Падзяліцца: