Мінск 04:18

Швед: Больш за сто чалавек прызнаныя падазраванымі ў рэабілітацыі нацызму

Фота: Генпракуратура

22 лютага, Позірк. Больш за сто чалавек у Беларусі прызнаныя падазраванымі ў рэабілітацыі нацызму, вынікае са слоў генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

Як паведамляе тэлеграм-канал Генпракуратуры, 22 лютага ён выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на тэму расследавання крымінальнай справы аб “генацыдзе беларускага народа”.

Генпракурор сказаў пра неанацыстаў у Беларусі: “Гэтая сітуацыя выклікала здзіўленне. Няўжо ў нашай Беларусі ёсць неанацысты? Высветлілася, што так”.

Паводле слоў Шведа, падазраваныя і абвінавачаныя “адкрыта прапагандавалі сваё пазітыўнае стаўленне да фашызму і нацызму, да самой ідэі, якая, здавалася нам, у 1945 годзе была знішчана”.

Для Генпракуратуры, дадаў чыноўнік, стала відавочным, што “неанацызм, на жаль, засеў у розумах пэўнай часткі моладзі”. Таму было вырашана вярнуцца да тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны, а неабходнасць распачынання крымінальнай справы аб “генацыдзе беларускага народа” ўзнікла пасля падзей 2020 года, калі “была здзейсненая спроба дзяржаўнага перавароту”.

“Калі ж мы сталі аналізаваць матэрыялы першых крымінальных спраў, звязаных са спробай дзяржаўнага перавароту і экстрэмізму, мы ўбачылі, што на вуліцах дзейнічала баявое крыло з неанацыстаў”, — сказаў Швед, але не прывёў доказаў.

Паводле яго слоў, “сярэднявечная барацьба за тэрыторыі і рэсурсы працягваецца”, на змену крыжовым паходам “прыйшлі паслядоўнікі нацыстаў, апантаныя ідэяй рэваншу”.

У Беларусі пераслед паводле арт. 1301 (рэабілітацыя нацызму) выкарыстоўваецца супраць палітычных апанентаў улады. Шэраг абвінавачаных і асуджаных паводле арт. 1301 прызнаныя палітвязнямі.

2 кастрычніка 2023 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і членаў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) паводле сямі артыкулаў КК, у тым ліку арт .1301.

Падзяліцца: