Мінск 13:44

Кантэнт аналітыка Чалага ў сацсетках прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Фота: старонка праграмы "Ноч з Чалым" у "Фэйсбуку"

23 лютага, Позірк. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў 19 лютага кантэнт аналітыка, эканаміста Сяргея Чалага ў сацыяльных сетках “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, вынікае з абноўленага адпаведнага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

“Экстрэмісцкімі” прызнаныя акаўнты Чалага ў “Ціктоку”, “Фэйсбуку”, “Тэлеграме”, а таксама канал “Чалы LIVE” у “Ютубе”.

Рашэннем таго ж суда ў спіс уключаны тэлеграм-канал “Беларусы и Ко в Эстонии 97%”.

У абноўлены пералік рашэннем суда Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ўнесены старонкі ў “ЦікТоку” “EIZ 2.0”, “шлях да перамогі”, “witzmag”, рашэннем суда Глыбокага раёна Віцебскай вобласці — старонка ў сацсетцы “Аднакласнікі” “Беларусь За перемены”.

Сяргей Чалы — аналітык, эканаміст, блогер, вядучы ютуб-праекта “Ноч з Чалым”. Сябар Каардынацыйнай рады.

У рамках “справы Каардынацыйнай рады”, распачатай Следчым камітэтам у лістападзе 2023 года, па месцы беларускай рэгістрацыі Чалага праведзены ператрус.

СК паведаміў, што па справе ў якасці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: