Мінск 05:32

Дарадцы Ціханоўскай Вячорка і Лябедзька бяруць удзел у канферэнцыі “Ялцінская еўрапейская стратэгія” ў Кіеве

Перад пачаткам канферэнцыі "Ялцінская еўрапейская стратэгія"
Фота: Франак Вячорка

24 лютага, Позірк. Дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Анатоль Лябедзька бяруць удзел ў міжнароднай канферэнцыі “Ялцінская еўрапейская стратэгія” (YES), якая адбываецца 24 лютага ў Кіеве і прымеркавана да другой гадавіны паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

“На канферэнцыю прыбылі старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, іншыя замежныя палітыкі, прадстаўнікі кіраўніцтва Украіны, дэпутаты, эксперты і вайскоўцы”, — паведаміў “Позірку” Вячорка.

Візіт дарадцаў Ціханоўскай ва Украіну пачаўся 23 лютага. Паводле слоў Вячоркі, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі штаба палка Каліноўскага, дарадцам кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком, дэпутатамі Вярхоўнай Рады, групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ў парламенце, кіраўніком парламенцкага камітэта па замежных спраў.

“На перамовах з прадстаўнікамі штаба палка Каліноўскага абмеркавалі супрацу і падтрымку беларускіх добраахвотнікаў”, — адзначыў Вячорка.

Паводле яго слоў, з удзелам прадстаўніка палка адбылася сустрэча з кіраўнікамі і прадстаўнікамі камітэтаў па замежных справах парламентаў Літвы, Канады, Бельгіі, Чэхіі, Фінляндыі, Эстоніі, Грэцыі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Латвіі, Ірландыі, Ісландыі, якія наведваюць Кіеў з нагоды другой гадавіны паўнамаштабнага ўварвання РФ.

З групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ва ўкраінскім парламенце адбылася дыскусія “Стасункі афіцыйнага Кіева і дэмакратычных сіл Беларусі: выклікі, пагрозы, магчымасці”. Сярод вынікаў: галоўным крытэрам эфектыўнасці супольнай працы можа быць пачатак беларуска-ўкраінскага стратэгічнага дыялогу; трэба ствараць эфектыўную сістэму, стрыжням якой з’яўляецца стратэгія і ясны план дзеянняў; дэпутацкая група “За дэмакратычную Беларусь” рыхтуе адмысловую заяву аб непрызнанні вынікаў “беларускіх псеўдавыбараў”. Акрамя таго, група гатовая да сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, дабраахвотнікаў і абмеркавання спіса існуючых праблем. “Задача-мінімум — развязаць хаця б некалькі вузлоў, якія ствараюць перашкоды для інтэграцыі беларусаў ва Украіне”, — адзначыў Вячорка.

Падзяліцца: