Мінск 13:12

Алейнік абмеркаваў з амбасадарам Турцыі “падтрыманне палітычнага дыялогу”

Фота: МЗС Беларусі

27 лютага, Позірк. Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік і амбасадар Турцыі Джэм Ішык 27 лютага “абмяняліся думкамі пра стан і перспектывы развіцця беларуска-турэцкіх стасункаў, абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку дня”, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

“Асаблівая ўвага” была ўдзелена “падтрыманню палітычнага дыялогу, умацаванню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама выкананню дамоўленасцяў, дасягнутых на найвышэйшым і высокім узроўнях”.

Бакі пацвердзілі “нацэленасць на далейшае развіццё адносін у рэчышчы стратэгічнага партнёрства”.

26 лютага Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана з 70-годдзем, выказаў надзею на “хуткую сустрэчу, якая, безумоўна, адкрые новую старонку ў адносінах Мінска і Анкары”.

27 лістапада 2023 года на нарадзе з прэм’ер-міністрам і членамі ўрада Лукашэнка заявіў, што Турцыя гатовая да перамоваў з Беларуссю, і анансаваў спачатку паездку ў гэтую краіну прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. “Рыхтуецца і мой візіт. Але перш чым я паеду туды, пажадана, каб глеба была падрыхтаваная і былі напрацоўкі пэўных пытанняў”, — сказаў ён.

Сяргей Алейнік, які з’яўляецца сустаршынём міжурадавай эканамічнай камісіі, у рамках візіту ў Анкару 7 лістапада 2023 года абмеркаваў з турэцкім калегам Хаканам Фіданам “блок двухбаковых пытанняў”. На раніцу таго дня была запланаваная супольная прэс-канферэнцыя міністраў, якая з невядомай прычыны была скасаваная.

Апошні раз Лукашэнка і Эрдаган, які займае пасаду з 2014 года (да таго 11 гадоў быў прэм’ер-міністрам, пасля гэтага пасада была скасаваная, а функцыі кіраўніка ўрада перададзеныя прэзідэнту) сустракаліся 13 кастрычніка 2022-га ў Астане на Саміце нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. На наступны дзень у інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу NBC Лукашэнка анансаваў візіт у Анкару “найбліжэйшым часам”.

Віншуючы Эрдагана з перамогай на выбарах 28 траўня 2023 года, Лукашэнка адзначыў, што “разлічвае на хуткую сустрэчу з прэзідэнтам Турцыі ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі ў кастрычніку 2022 года ў Астане”.

Падзяліцца: