Мінск 23:08

Краіны ЕС зафіксавалі рэкордную з пачатку года колькасць нелегалаў, якія спрабавалі прарвацца з тэрыторыі Беларусі

Фота: Памежная ахова Польшчы

28 лютага, Позірк. Краіны Еўрапейскага саюза 27 лютага зафіксавалі рэкордную з пачатку 2024 года колькасць нелегалаў, якія спрабавалі прарвацца з тэрыторыі Беларусі, сведчыць штодзённы аналіз паведамленняў памежных службаў суседніх дзяржаў, які праводзіць “Позірк”.

Мінулым днём было спынена 74 спробы незаконнага пранікнення: 68 — у Польшчу, 6 — у Літву. Спакойна было толькі на беларуска-латвійскай мяжы.

Да гэтага ў тройку самых напружаных дзён уваходзілі 26 лютага (30 спробаў), 21 лютага (29) і 22 лютага (24).

У лютым у параўнанні са студзенем актыўнасць нелегалаў узрасла ў 3,8 раза: спынена 368 спробаў за 27 дзён лютага супраць 96 за ўвесь студзень. На літоўскім кірунку мігрантаў стала больш у 6,8 раза (27 супраць 4), на латвійскім — у 10,6 (53 супраць 5), на польскім — у 3,3 (288 супраць 87).

Колькасць дзён, калі не было зарэгістравана ніводнай спробы незаконна трапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі, у лютым скарацілася да чатырох (1-га, 2-га, 3-га, 5-га). У студзені спакойных дзён было амаль палова — 15 (4-га, 7-га, 8-га, 12-га, 13-га, 16-га, 20-га, 21-га, 23-га, 25-га, 27—31-га).

У 2023 годзе было зафіксавана 42.078 спробаў незаконнай міграцыі праз мяжу Беларусі у краіны ЕС, у тым ліку 3.959 — за студзень — люты.

Падзяліцца: