Мінск 13:48

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек, у тым ліку экс-лідара АГП Палякова

Васіль Палякоў
Архіўнае фота: сацсеткі

29 лютага, Позірк. У Беларусі яшчэ восем чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх агульная колькасць склала 1.410, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Статус атрымалі:

Вікторыя Казакова — прыгаворана да года пазбаўлення волі паводле арт. 188 (паклёп), 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), 368 (абраза прэзідэнта) КК;

Дзмітрый Палякоў — да паўтара года пазбаўлення волі паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);

Валерый Самсоненка — да года пазбаўлення волі паводле арт. 370 (здзек з дзяржсімвалаў);

Уладзімір Лісіца — да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 368, 369;

Генадзь Васілюк — да пазбаўлення волі (тэрмін невядомы) паводле арт. 367;

Яўген Кладаў — да года пазбаўлення волі паводле арт. 368;

Радзівон Касцінец — арыштаваны паводле арт. 367, 368, 369, 391 (абраза суддзі ці народнага засядацеля).

Таксама палітвязнем прызнаны экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

Ён адбыў 30 сутак адміністратыўнага арышту ў лістападзе 2023 года і зноў быў затрыманы. З 23 студзеня 2024 года тры разы запар пакараны 15-сутачным арыштам паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і знаходзіцца ў зняволенні.

Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, а таксама грамадзян, “затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд”, і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Адпаведныя заявы, акрамя “Вясны”, падпісалі Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Human Constanta.

Падзяліцца: